Вынік эканамічнага абвалу ў Венесуэле: літр бензіну за паўдолара


«Эканамічная палітыка, што прытрымліваецца 6 балівараў і 30 сантымаў за долар, будзе павышаная да 10 балівараў. І ў нас застаецца найважнейшая місія – абараніць асноўныя правы нашых людзей – на ахову здароўя і не дапусціць дэфіцыту прадуктаў», – абвясціў прэзідэнт.

Свае чатырохгадзінныя тлумачэнні прычынаў такіх зменаў прэзідэнт Мадура перарываў праклёнамі на адрас апазіцыі і абвінавачаннямі ЗША і суседніх краінаў. Напярэдадні былая апазіцыя, што ўсё ж здолела, нягледзячы на спробы Вярхоўнага суда адклікаць мандат шэрагу дэпутатаў, сабраць канстытуцыйную большасць, абвесціла, што будзе дамагацца імпічменту кіраўніка краіны.

«Мы дасягнулі канстытуцыйнага мандату, каб адклікаць Нікаляса Мадура! Час надышоў, і таму мы прыйшлі да народу з прапановаю. Мы дасягнем свайго і вернем парадак на вуліцы і грамады Венесуэлы. Урад упэўнены, што здолее застацца ва ўладзе, але давайце падумаем – хто мацнейшы: Нікаляс Мадура або мы – абʼяднаны народ Венесуэлы!» – заявіў Энрыке Капрылес, лідар большасці ў парламенце.

Сённяшняе рашэнне прэзідэнта наўрад ці дапаможа яму пазбегнуць імпічменту. Апошні раз кошты на паліва падымалі сямнаццаць гадоў таму, што прывяло да працяглых масавых пратэстаў, на хвалі якіх і прыйшоў да ўлады Уго Чавес. Да сёння ні ён, ні ягоны пераемнік Мадура ніколі не вырашаліся на такі крок. І цяпер, хаця літр паліва па-ранейшаму каштуе танней за бутэльку газіроўкі, на бензастанцыях вышыхтаваліся чэргі тых, хто хоча паспець заправіцца да пачатку дзеяння новых коштаў.

«Я проста разʼюшаны гэтым павышэннем, бо яны зрабілі гэта так гвалтоўна. Народ Венесуэлы – мы жывем у крызісе, у эканамічным і сацыяльным сэнсе. Кошты на ежу занадта высокія, і калі яны вырашылі павялічыць цану на паліва, то ўсё астатняе таксама толькі вырасце, бо транспарт падаражэе, і гэта прывядзе краіну да калапсу», – мяркуе жыхар Каракасу Дэніс Партыллё.

У тое, што захады нават у доўгай перспектыве прывядуць да паляпшэння эканомікі, таксама ніхто з гэтых людзей не верыць. І сапраўды – афіцыйны курс долара 10 балівараў, роўна ў 20 разоў ніжэйшы за прапанову на чорным рынку.На нафту прыпадае каля 95 % усяго экспарту краіны. Эканоміка Венесуэлы абвалілася на самым пачатку падзення коштаў – у 2014 годзе. Услед за гэтым патаннела нацыянальная валюта, нягледзячы на намаганні ўладаў кіраваць коштам балівара. У крамах не стае асноўных прадуктаў, а прэзідэнт няспынна ўва ўсіх бедах вінаваціць апазіцыю і ЗША.