Выбары ў расейскі парламент: рэкорд на рэкордзе


Рэкордныя – слова, якое найбольш поўна апісвае гэтыя парламенцкія выбары ў Расеі. Назіральнікі кажуць, пра рэкордна нізкую яўку. Кіраўніца Цэнтрвыбаркаму Эла Памфілава кажа, пра рэкордную празрыстасць. А падлік галасоў сведчыць, пра тое, што яны былі рэкордна ўдалыя для праўладнае партыі і рэкордна правальныя – для апазіцыі.

«Цяжка і складана, але людзі ўсё роўна прагаласавалі за «Адзіную Расею», – сказаў пасля абвяшчэння вынікаў выбараў Уладзімір Пуцін. – Пра што гэта кажа? Пра тое, што людзі бачаць, што прадстаўнікі «Адзінай Расеі» рэальна стараюцца для людзей».

У Дзярждуму патрапілі чатыры партыі. «Адзіная Расея», з найлепшым у гісторыі для сябе вынікам, атрымала канстытуцыйную большасць і 343 месцы, супраць 238-мі ў мінулым скліканні. У ЛДПР Уладзіміра Жырыноўскага – 39 мандатаў. Абавязковы 5-ці адсоткавы барʼер пераадолела і «Справядлівая Расея» Сяргея Міронава, якая можа разлічваць на 23 месцы. А вось другое месца КПРФ ды сціплыя 42 мандаты (супраць 92-х у мінулы раз) выклікалі абурэнне ейнага лідара.

«Не было рэальных дэбатаў, нарэзалі партыі-падманкі, расцягваюць галасы і спрабуюць абʼяднацца з жырыноўцамі толькі для таго, каб мець большасць», – заявіў лідар камуністаў Генадзь Зюганаў.

Сітуацыя для дэмакратычнай, або так званай несістэмнай, апазіцыі – яшчэ больш трагічная. Прадстаўнікі партыі «Яблоко», якая на папярэдніх выбарах набрала амаль 3,5 %, што дазваляла структуры атрымліваць цягам 5 год дзяржаўнае фінансаванне, гэтым разам ня здолела атрымаць і 2-х адсоткаў. У «Парнаса» – яшчэ менш. Але лідара партыі Міхаіла Касьянава, турбуе не правал ягонай партыі, а апатыя ягоных суграмадзянаў.

«Гэткая яўка кажа пра тое, што мы губляем шанцы на мірную змену палітычнага курсу», – лічыць былы расейскі прэмʼер.

Учорашняя яўка склала 47 %, гэта самы нізкі вынік за ўсю гісторыю постсавецкай Расеі. Нават у анексаваных Севастопалі ды Крыме зацікаўленасць выбарамі была ніжэйшай за папярэдні плебісцыт ва Украінскую Раду. Што праўда, так было не паўсюдна. Калі ў Маскве да скрыняў прыйшоў толькі кожны пяты, то ў Чачні, Цюмені ды Кемерава прагаласавалі кожныя чатыры з пяці выбарцаў. Такія паказнікі ўжо сталіся прычынаю падазрэнняў у маніпуляцыях.

Назіральнікі з усіх частак краіны зарэгістравалі сотні парушэнняў падчас правядзення выбараў. Самы гучны – у Растове-на-Доне, дзе камера зафіксавала, як сябра выбарчай камісіі ўкідвае бюлетэні ў скрыню проста перад камерай, а ейныя верагодныя паплечнікі прыкрываюць гэтыя дзеянні. Следчы камітэт узбудзіў крымінальную справу паводле гэтага факце.

Беларуса такім фактам не здзівіш ужо даўно, але ў некаторых момантах расейскія выбары абагналі беларускія: гэтак, два пуцінскія паплечнікі – ягоны былы ахоўнік Аляксей Дзюмін і сталы лідар Чачні Рамзана Кадырава на выбарах кіраўнікоў рэгіёнаў, якія праходзілі адначасова з парламенцкімі, атрымалі адпаведна 84 % і 97 % галасоў.

Такому выніку некаторыя дэпутаты і нават Аляксандр Лукашэнка могуць толькі пазайздросціць.

Ігар Кулей