Выбары ў Францыі: хто пераможа ў тэледэбатах?


У Францыі сёння – вечар тэледэбатаў, сапраўднай палітычнай барацьбы на выбарах. Каб супрацьстаянне двух апошніх кандыдатаў на прэзідэнцтва адбывалася бяспечна і справядліва, ва ўзмоцненым рэжыме працуюць праваахоўнікі, журналісты і сацыёлагі, што без перапынку манітораць французскую грамадскую думку. Дык хто ж мае найбольшыя шанцы на перамогу?

Да галасавання, якое называюць галоўным галасаваннем апошніх дзесяцігоддзяў, засталося ўсяго 4 дні. Расце напружанне, багата выбарцаў яшчэ не вызначыліся. Таму аўдыторыя сённяшніх тэледэбатаў – больш за 20 млн гледачоў толькі ў Францыі.

«Вы не можаце перамагчы на выбарах праз дэбаты. Гэта, аднак, тыповая камунікацыйная сітуацыя, дзе вялікая памылка можа каштаваць вам некалькіх адсоткаў электарату, аднак не зробіць вас пераможцам ці прайгралым на выбарах», – мяркуе Бруно Катрэс з Інстытуту палітычных даследаванняў (Парыж).

Эманюэль Макрон, былы міністр эканомікі, кіраўнік уласнага руху «Наперад», выступае за змяншэнне ролі дзяржавы ў эканоміцы, але з пэўнай абаронай французскіх працаўнікоў, а таксама за сурʼёзную рэфармацыю Еўразвязу, каб Абʼяднаная Еўропа больш улічвала інтарэсы ўсіх яе чальцоў. Папулісцкую палітыку Марын Ле Пэн ён называе небяспечнай для Францыі.

«На мінулым тыдні нашая краіна прайшла праз глыбокую трансфармацыю. Палітычны ландшафт, які мы ведалі столькі гадоў, знік на нашых вачах за некалькі гадзінаў», – кажа Эманюэль Макрон.

Марын Ле Пэн, кіраўніцу Нацыянальнага фронту, у сваю чаргу, прадстаўляе Макрона, як стаўленіка фінансавых элітаў. Слова «габрэі» наўпрост не гучыць, але Лепэнаўскія медыі смела кажуць пра «засілле бязродных касмапалітаў», ад якіх нібыта неабходна абараніць простых французаў.

«У мяне ёсць перакананні. І я тут, каб абараніць свае перакананні, а ён – каб абараніць пэўную пазіцыю», – выказваецца Марын Ле Пэн.

Пры гэтым Ле Пэн змякчыла ўласны імідж, і цяпер выступае не як палымяная рэвалюцыянерка, а як проста жанчына, магчыма, першая жанчына-прэзідэнт Францыі. У феміністычных колах, аднак, Марын Ле Пэн працягваюць успрымаць, як дачку адыёзнага Жана Мары Ле Пэна, які ўзначальваў Нацыянальны Фронт раней.

«Ле Пэн вельмі далёкая ад феміністычных поглядаў. Таму зразумела, што феміністычныя групы не падтрымаюць яе», – адзначае філосаф, феміністка Жэнэвіеў Фрас.

Абодва кандыдаты абяцаюць пасля перамогі ўзмацніць паліцыю, войска і выведныя службы, каб перадухіляць тэрарыстычныя пагрозы для французаў. Цяпер жа спакой выбарцаў ахоўваюць не толькі паліцыянты, але і вайскоўцы. Агулам па Францыі дзяжураць больш за 7 тысячаў жаўнераў і афіцэраў.

«У нядзелю, у дзень выбараў, 3,5 тыс. вайскоўцаў будуць увесь дзень абараняць Парыж», – распавядае Бэнуа Брулён з Міністэрства абароны Францыі.

Паводле сацыялагічных апытанняў, на сёння больш сімпатыяў выбарцаў мае Эманюэль Макрон – ён мае прыкладна 60 %. Каля 40 % апытаных больш сімпатызуюць Марын Ле Пэн. Але на выбарах лічацца не вулічныя анкеты, а бюлетэні.

Чытайце таксама: