Вялікдзень – дзень для малых


Біццё яйкамі, традыцыйныя велікодныя гульні ды забаўкі для самых маленькіх, ну і якое ж народнае свята без пачастункаў? У такой атмасферы прайшло святкаванне Вялікадня ў тайм-клубе «Сямейны падворак». Маленькія госці вучыліся рабіць Велікодныя паштоўкі ды арыгамі як падстаўку пад яйкі.

«Мы зрабілі падставачку. Там можна пакласці яечка, можна падарыць каму-небудзь, або пакінуць сабе на памяць», – кажа дзяўчынка, што прыйшла на імпрэзу.

Іншы маленькі наведнік дзеліцца сваймі ўражаннямі:

«Мне спадабалася гуляць, рабіць зайца, падымаць руку і называць, для пірага якія інгрэдыенты патрэбныя: мука, цукар, яйкі».

У тэатралізаванай пастаноўцы арганізатары – студыя беларускіх святаў «Ланцужок» – распавялі дзеткам, што за свята такое Вялікдзень, як яго традыцыйна адзначалі ў Беларусі, паспрабавалі раскрыць хрысціянскія і паганскія пласты культуры ў даступнай займальнай форме. Рэжысёрка студыі Юлія Мацюшонак лічыць, што ведаць свае карані – гэта аснова для ўсяго.

«Прааналізаваўшы тое, што на сённяшні дзень ёсць у Менску, мне здалося, што «Студыя беларускіх святаў» – гэта тое, што нам патрэбна, каб прывіваць дзеткам любоў да Радзімы з самых ранніх гадоў жыцця, каб развіваць нацыянальную свядомасць. Гэта ўплывае не толькі на культуру нашай краіны, а таксама і на турызм, эканоміку. Бо тыя людзі, якія ведаюць, хто яны і адкуль яны, могуць добра паказаць сябе і на міжнародным узроўні».

Глядзіце таксама:

Студыя плануе і надалей ладзіць адмысловыя праграмы для самых маленькіх у час традыцыйных беларускіх святаў, а з восені пачнуць набіраць у тэатральны гурток дзетак, якія потым і будуць выступаць на гэтых святах.

Іншыя тэмы:

Каму і як каменная дзяўчынка дапамагае?

Новы альбом «Nizkiz» – рашучы і часткова беларускамоўны.

Як гулялі ў мяч нашыя пробкі?

Вольга Чайчыц, Вольга Гардзейчык, belsat.eu