Прыват з Валярынай Куставай Вундэркіндамі нараджаюцца ці становяцца, або як паспрыяць таленту? 


Для мамаў і татаў іхныя дзеці самыя ўнікальныя, разумныя і таленавітыя. А ёсць малыя, якія дзівяць сваймі здольнасцямі не толькі сваякоў, але і ўсіх дарослых. У новым «Прываце» з Валярынай Куставай разбіраемся, чаму адныя таленты вянуць, а іншыя – даюць плады.

Наймаладзейшы госць праграмы – Міхаіл Вага, 20 гадовы студэнт БНТУ з Гомля, які праславіўся вынаходніцтвам прылады HandEnergy, якая дапамагае зараджаць мабільныя тэлефоны, можна сказаць, голымі рукамі.

Як адукоўваць ды выхоўваць дзяцей за суперздольнасцямі? Ці ёсць формула поспеху для рэалізацыі маладых талентаў? А таксама – колькі сродкаў можна сабраць на праект, што прыдумалі дзеці, на найбуйнейшай краудфандынгавай платформе Kickstarter? Трымаць у строгасці ці выконваць усе пажаданні? Як гадаваць вундэркінда? Ці трэба індывідуальнасцям каманда і ўменне працаваць у калектыве?

Таксама ў выданні: IT-школа, дзе выхоўваюць дзяцей – праграмістаў, вэб-дызайнераў, распрацоўшчыкаў камп’ютарных гульняў і прыладаў для смартфонаў. Святлана Сікрыцкая, выкладчыца ІТ-школы, і Марыя Гарэлік, супрацоўніца школы, раскажуць пра методыкі выкладання і працы са здольнымі юнакамі ды дзяўчатамі.

Дзяніс Куцэнка, юны аўтар рэсурсу-памочніка ў вызваленні ад страхаў ды фобіяў. Хлопец зладзіў карысны для грамадства стартап – сайт, рэсурс, даступны на ПК і смартфоне.

А псіхолаг Дар’я Пархоменка распавядзе, як правільна выхоўваць суперздольных дзяцей і як з імі працаваць, каб развіць, а не знішчыць іх таленты. Вельмі важна, мяркуе дзіцячы псіхолаг, каб у дзіцяці зарадзілася эмоцыя радасці ад атрымання новых ведаў. Далёка не ўсе ведаюць, што ад набывання ведаў можна атрымаць задавальненне.

А якія таленты былі ў маленстве ў Вас і ёсць у Вашых дзяцей?

Натхняйце і натхняйцеся! Шчыра, востра, па-беларуску.

Праграму «Прыват» Валярыны Куставай глядзіце штоаўторак а 19.00 на тэлеканале «Белсат».

Каментары