Сербскі прэм'ер стаў прэзідэнтам


Перамогу на прэзідэнтскіх выбарах атрымаў кандыдат улады Аляксандр Вучыч.

За пасаду прэзідэнта ў Сербіі змагаліся 11 кандыдатаў. Як і прадказвалі сацыялагічныя апытанні, перамогу атрымаў цяперашні прэм’ер-міністр Александар Вучыч. Нечаканасцю прэзідэнцкай гонкі стаў 26-гадовы комік Лука Максімавіч, які заваяваў каля 10 % выбарнікаў. Кіраўнік кабінету міністраў Сербіі набраў 55 % галасоў. У нядзелю ўвечары сам Вучыч упэўнена абвесціў сваю перамогу.

«Для мяне важна, што значная большасць грамадзянаў Сербіі выступае за працяг працэсу рэформаў, за працяг еўрапейскага шляху Сербіі пры захаванні традыцыйнай дружбы з Расеяй і Кітаем, за працяг цяжкай працы», – заявіў Аляксандр Вучыч.

Следам за Вучычам ідзе кандыдат ад Дэмакратычнай партыі, былы ўпаўнаважаны ў правах чалавека Сербіі Саша Янкавіч, які атрымаў 15 % галасоў.

А вось на трэцім месцы нечакана аказаўся самы малады ўдзельнік прэзідэнцкай гонкі – 26-гадовы комік-парадыст Лука Максімавіч, які браў удзел у выбарах пад псеўданімам Любіша Прэлэтачэвіч Бэлі. Пэўны час, паводле апытанняў, ён быў нават на другім месцы, за месяц стаўшы адным з самых папулярных кандыдатаў на прэзідэнта. Паводле папярэдніх вынікаў выбараў, ён набраў каля 9 з паловаю адсоткаў галасоў.

«Я чакаў большай перамогі, але нават гэта – поспех для Сербіі, – кажа Аляксандр Вучыч. – Дзякуй усім, хто галасаваў за мяне. Я буду рэальным прэзідэнтам гэтай краіны».

Максімавіч заяўляў, што пайшоў на выбары, каб не дапусціць перамогі існага прэм’ера ў першым туры і адабраць у яго галасы. Аднак такі высокі вынік кандыдата, як падкрэсліваюць эксперты, стаў, хутчэй за ўсё, пратэставаю рэакцыяй выбарнікаў. Жыхары Сербіі, якая застаецца адносна беднаю краінай, расчараваныя кіроўнымі палітычнымі элітамі сваёй краіны, а таксама неарганізаванасцю і слабасцю апазіцыі.

«Апазіцыя не была дастаткова згуртаванай, каб вылучыць сурёзнага кандыдата, – лічыць жыхар Бялграду Зоран Янкавіч. – Я не хачу сказаць, што іншыя кандыдаты былі несурёзныя, але чагосьці не хапіла, каб прапанаваць адпаведных кандыдатаў або, лепш сказаць, адпаведнага кандыдата».

Крытыкі Александара Вучыча мяркуюць, што ягоная перамога дазволіць Прагрэсіўнай партыі канчаткова сканцэнтраваць усю ўладу ў Сербіі ў сваіх руках, а гэта непазбежна прывядзе да паслаблення дэмакратыі. Вучыч ужо заяўляў, што прыняцце вонкавапалітычных рашэнняў ён хацеў бы ўзяць на сябе, а такім чынам Бялград працягне спалучаць імкненне да ўступлення ў Еўразвяз і збліжэння з НАТО з адначасовым паглыбленнем супрацы з Расеяй.

Адразу пасля перамогі на выбарах Вучыч падзякаваў Ангеле Мэркель і Уладзіміру Пуціну, з якімі сустракаўся напярэдадні, за аказаныя яму падтрыманне і давер.

Маша Макарава; фота: Аляксей Вітвіцкі / Forum