Вучыцца самаабароне на трэнінг у Менску прыйшла нават 87-гадовая жанчына


Вольга Ланеўская – адзіная ў Беларусі трэнерка па жаночай самаабароне. Wen Do, што азначае «Дарога жанчын», – гэта метад перадухілення гвалту. Ён вучыць, як больш не пачувацца бяссільнай і бездапаможнаю.

За кароткі час, які метад вядомы ў нашай краіне, Вольга ўжо паспела правесці заняткі з 200 жанчын. Цікава, што самай малодшай наведніцы трэнінгу па жаночай самаабароне было 7 гадоў, а самай старэйшай – 87. Ўэн-До могуць вучыцца абсалютна ўсе, незалежна ад узросту і фізічнай падрыхтоўкі. Праводзяцца такія заняткі бясплатна.

Таксама ў выданні:

Дапамагла свайму сыну перамагчы рак, цяпер падтрымлівае іншых хворых дзетак

Год таму мы расказвалі пра хлопчыка Андрэйку, хворага на рак крыві. Каб назбіраць грошы на лячэнне, ён разам з маці шыў цацачных снегавікоў.

Інфармацыя аб гэтым хутка разышлася ў медыях і інтэрнэце. Ініцыятыву падхапіла шмат людзей. Адныя майстравалі цацкі, а іншыя іх куплялі – такім чынам збіраліся грошы. За кароткі тэрмін удалося сабраць патрэбную суму, і хлопчык перамог хваробу! Але ягоная маці на гэтым не спынілася – яна заснавала дабрачынны рух і цяпер разам з аднадумцамі дапамагае хворым дзеткам.

Беларус вынайшаў прыладу, якая ладуе смартфоны дзякуючы руху рукі

Міхаіл Вага з Гомля распрацаваў партатыўную заладавальную прыладу (падзарадку), якая мае яшчэ і функцыю трэнажора.

Гаджэт пад назваю «hand energy» выклікаў вельмі высокую цікавасць у краінах Заходняй Еўропы. Таму вынаходнік здолеў сабраць праз замежныя краўдфандынгавыя пляцоўкі больш за 70 тысяч еўраў на запуск свайго стартапу.