Вольскі і «Крамбамбуля» сустрэліся з менчукамі ў фармаце «партызанкі»


Цяпер яны маюць свой герб і маюць свой сцяг. Гурт «Крамбамбуля» прэзентаваў фірмовую атрыбутыку і новы дыск у менскай краме Symbal.by. Музыкі вырашылі зладзіць сустрэчу з прыхільнікамі ў «партызанскім» фармаце – гэта значыць без шырокага абвешчання і ўсялякіх узгадненняў з пільнымі органамі. Каб яшчэ да канцэрту, які адбудзецца 7-га лістапада ў Вільні, слухачы змаглі набыць новы альбом і сувеніры з сімволікай «Крамбамбулі».ЛЯВОН ВОЛЬСКІ, «КРАМБАМБУЛЯ»:

«Крамбамбулю» ўжо даўно, яшчэ два гады таму, вырашылі перавесці ў статус партызанскага атраду, а тут будзе проста сустрэча з тымі, хто падзяляе ідэі «партызанкі», сучаснай беларускай партызанкі. Хацелася гэтак званага мэрчэндайзінгу, але нешта ўсё не складалася, можа не з тымі супрацоўнічалі, то дызайнер не паспяваў, то ідэі можа не выспявалі, а цяпер усё так неяк сышлося».

На сустрэчу ў гандлёвым цэнтры «Маскоўска-Венскі» прыйшло багата людзей. Атрыбутыка гурта, распрацаваная Ігарам Назаранкам, і новы дыск «Крамбамбулі» карысталіся шалёным поспехам.ПАВАЛ БЕЛАВУС, ДЫРЭКТАР КРАМЫ «SYMBAL.BY»:

«Мы гэта зрабілі абмежаваным тыражом, каб паспрабаваць, бо гэта ўпершыню такі прэцэдэнт, што гурт выдае не толькі альбом, але і серыю розных сувеніраў, каб пакінуць сябе ў гісторыі ці для сябе гісторыю «Крамбамбулі», бо ўсё ж такі гэта адна з апошніх сустрэчаў з імі».

Дарэчы, падчас сустрэчы з прыхільнікамі Вольскі ўдакладніў: альбом «Чырвоны штраль» стане апошнім, але гэта не значыць, што «Крамбамбуля» не будзе даваць канцэртаў і запісваць новыя песні.Гарадзенская галерэя «Крыга» запрашае на выставу графікі ды скульптураў Уладзіміра Вішнеўскага. Менскае графіці ўвайшло ў топ-10 графіці за кастрычнік паводле парталу «StreetArtNews». Рымскі фантан Трэві адкрылі пасля рэстаўрацыі.Сяргей Будкін, Марына Вашкевіч

Каментары