Волчак: Прашу КДБ праверыць інфармацыю БТ і прыцягнуць да адказнасці за паклёп


Беларускі праваабаронца выказаўся пра скандальны рэпартаж дзяржаўнага тэлеканалу, а таксама распавёў пра накдаўн, атрыманы ўладамі ад людзей.

Скандальны пабор не адменяць, але дзеянне яго прыпыняць на год. Цягам сакавіка дэкрэт будуць карэктаваць, каб спыніць яго агіднае і безадказнае выкананне чыноўнікамі. Сапраўдных гультаёў знойдуць і прымусяць працаваць. Чыноўнікі павінны памятаць пра даручэнне Лукашэнкі даць людзям заробак у 500 долараў. Тым, хто падатак ужо сплаціў, грошы могуць вярнуць альбо ўлічыць як выплату на наступны год. Ну альбо аддадуць грошы дзецям. У «Гарачым каментары» – кіраўнік Цэнтру «Прававая дапамога насельніцтву».

«Я прагназаваў, што да 25 сакавіка на дзеянне ўказу накладуць мараторый, бо ў грамадстве ўжо вельмі вялікае напружанне. Паводле маёй інфармацыі, вельмі шмат асобаў збіраліся з рэгіёнаў прыехаць у Менск. І, вядома, што ўладам трэба было нешта рабіць», – заявіў праваабаронца.

А таксама патлумачыў, чаму ўлады былі вымушаныя пайсці на такі крок:

«300 тысяч судоў не магчыма правесці ў бліжэйшыя два месяцы – такога яшчэ не было не толькі ў Беларусі, але і ва ўсім свеце, каб адначасова праводзілі такую колькасць судоў. То бок накдаўн, зроблены ўладам людзьмі. Я думаю, што дэкрэт ужо не падымецца».

Разам з тым Алег Волчак мяркуе, што расслабляцца яшчэ рана.

«За гэтыя два дні паступалі сігналы, што ідуць незаконныя апытанні грамадзянаў, тых, хто быў на Плошчы альбо не быў, падаваў скаргі. Нейкія службы цікавяцца, якія настроі ў людзей, таму я адразу заяўляю, што гэта незаконна, і людзі маюць права не адказваць на гэта», – адзначыў праваабаронца.

Асобна Алег Волчак выказаўся пра нашумелы паклёпніцкі рэпартаж БТ:

«Мяне насцярожвае як ветэрана Афганістану, што ў медыях зʼявілася інфармацыя, што 25 сакавіка могуць быць нейкія тэракты, як я зразумеў з рэпартажу на тэлебачанні. Я прашу КДБ праверыць тую інфармацыю, якая была агучаная на БТ, і прыцягнуць службовых асобаў за паклёп. Бо людзі сёння да нашых актывістаў тэлефануюць і пытаюцца, ці праўда гэта. Мы, праваабаронцы, зараз не можам адказаць на гэтае пытанне, але інфармацыю трэба правяраць. Дэмакратычныя сілы нічога не рыхтуюць, і праваабаронцы нічога не рыхтуюць, наадварот мы заклікаем змагацца за свае правы законным шляхам».

Больш – у відэа вышэй.

Глядзіце таксама:

НМ, belsat.eu