Волчак пра дзеянні міліцыі: У людзей назапашваецца вялікае незадавальненне


Праваабаронца выказаўся пра гучны інцыдэнт у навагоднюю ноч.

Спачатку расстралялі, а затым яшчэ і абвінавацілі пацярпелага. Гэта не сюжэт якога-небудзь фільма, напрыклад, пра лацінаамерыканскую дыктатуру. Гэта нашыя з вамі рэаліі. 28-мігадоваму Андрэю, якога зранку 1 студзеня ледзьве не забіў гэтак званы праваахоўнік, цяпер прадʼяўляюць супраціў міліцыі ў час выканання тым службовых абавязкаў.

Супраціўляцца ж міліцыянтам і пагатоў ужываць да іх гвалт у нашай краіне не мае права аніхто. У справу ўмяшаўся і Аляксандр Лукашэнка, а таму складана ўявіць, што крымінальная справа далей пойдзе неяк насуперак расстаўленым ім акцэнтам. Пра аднабаковасць расследавання, дарэчы, яшчэ раней заяўлялі і праваабаронцы. У «Гарачым каментары» – кіраўнік цэнтру «Прававая дапамога» Алег Волчак.

«Паводле форумаў, грамадскае меркаванне на 99 % падтрымала пацярпелага, то бок ужо ўлады фактычна прайгралі. У людзей назапашваецца вялікае незадавальненне: сваякі і сябры пацярпелага паглядзяць на гэтае ўсё… Я баюся прадказваць, ужо гаварыў, што хутка, у лютым участковыя пачнуць хадзіць па дэкрэце аб дармаедах, каб прыцягваць да адміністрацыйнай адказнасці. Вось гэты момант, тое, што адбылося з гэтым хлопцам, можа яшчэ паўтарыцца», – адзначыў у эфіры нашага тэлеканалу Алег Волчак.