«Войска навучылася прафесійна караць за вынас смецця з часткі». Статкевіч пра Печы


Пра дзедаўшчыну і спосабы яе выправіць распавядае падпалкоўнік у запасе Мікола Статкевіч, адзін з лідараў Беларускага нацыянальнага кангрэсу.

Каб справа атрымала розгалас і былі зробленыя прынамсі спробы пакараць вінаватых, трэба было адно – вынесці гэтую тэму на Марш абураных беларусаў, які распачнецца 21 кастрычніка а 14-й на Кастрычніцкай плошчы Менску. Без гэтага яны б у лепшым выпадку знайшлі аднаго-двух стрэлачнікаў.

Такіх сітуацыяў было багата: людзі даходзілі да міністра абароны – і на гэтым справа заканчвалася.

Дзедаўшчына патрэбная ўсёй гэтай сістэме – гэта мадэль адносінаў у нашай дзяржавы. Гэта сродак прымушэння да паслухмянасці, сродак зрабіць яго што заўгодна, сродак, каб зламаць чалавека. Статутных метадаў не хапае.

Войска высекла сябе само. Глядзіце: бацькі жаўнера, які павесіўся, дайшлі да міністра абароны, яго пасля гэтага знайшлі ў пятлі – «самагубства». Справу закрылі. Пасля таго, як тэму перанеслі на акцыю абураных беларусаў, яе зноў распачалі. Яны навучыліся хаваць такія рэчы і караць тых, хто дае інфармацыю. У іх распрацаваныя цэлыя механізмы як паказальна знішчыць чалавека, які вынес смецце за браму вайсковай часткі. Яны цяпер навучыліся больш прафесійна гэта рабіць.

Уся сістэма так збудаваная. Міліцыя – як крымінальнікі. У іх планы колькі людзей пасадзіць. АМАП здзекуецца над дзецьмі. Людзей страляюць на парогах уласных дамоў.

Выправіць гэтую сістэму можна толькі калі вярнуць у краіну свабоду, поўную галоснасць і нармальныя выбары. Каб кожны начальнік ведаў, што бацькі гэтага салдата і ён сам прыйдуць на гэтыя выбары і абяруць іншага, а ён страціць пасаду, калі не будзе рэагаваць на такую інфармацыю. У нас што – дэпутат Палаты Прадстаўнікоў здольны вырашыць праблему на акрузе?

Глядзіце размову з Мікалаем Статкевічам у «Гарачым каментары»