Віцебскія патрыёты


На пачатку 1990-х гадоў у Віцебску на дэманстрацыі і мітынгі супраць камунізму і за незалежнасць Беларусі выходзілі тысячы людзей. Арганізатарам пратэстаў быў гарадскі клуб «За дэмакратычныя выбары».

Калі 19 жніўня 1991 году ў Маскве адбылася спроба дзяржаўнага перавароту, разлік путчыстаў быў на татальны страх. Але 19 чалавек у Віцебску знайшлі смеласць кінуць выклік уладзе, заявіць, што ня хочуць вяртання ў савецкі канцлагер, што ГКЧП – незаконны. Свой пратэст сябры клубу «За дэмакратычныя выбары» наладзілі на плошчы Свабоды, насупраць будынку абкаму партыі. На ратушы быў вывешаны нацыянальны беларускі сцяг.

А на вуліцы Суворава, дом 2 з 1993 да 1996 году працавала першая ў Віцебску прыватная галерэя сучаснага мастацтва «У Пушкіна». 26 лістапада 1996 году ў ёй адбываўся першы зʼезд беларускіх нацыяналістаў, які быў разагнаны міліцыяй. На наступны дзень некалькі дэлегатаў зʼезду былі арыштаваныя.

Неўзабаве пасля рэферэндуму 14 траўня 1995 году, які скасаваў дзяржаўны статус беларускай нацыянальнай сімволікі, высока ў небе над раённым цэнтрам Лёзна залунаў бел-чырвона-белы сцяг. Той, хто яго павесіў, пакінуў цыдулку «Вярніце народу гістарычную памяць» і падпісаўся «Мірон». У Мірона зʼявілася шмат паслядоўнікаў. Дзёрзкія вывешванні бел-чырвона-белых сцягоў у самых нечаканых публічных месцах шмат гадоў былі адной з формаў супраціву рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Насупраць гэтак званага «сіняга дома» ў Віцебску на вуліцы Леніна, 28 з 1992 году рэгулярна ладзіліся пікеты ў абарону дэмакратыі і свабоды, тут жа распаўсюджвалі незалежную прэсу, апазіцыйныя ўлёткі Уладзімер Плешчанка (ужо памёр) і Барыс Хамайда. Апошні ладзіць свае пікеты на гэтым месцы аж да сёння.

Сьведкі – Алесь Пушкін, Барыс Хамайда.