Віталь Цыганкоў: Лукашэнка кажа, што народ не хоча рэформаў, а хто ў народу пытаўся?


Гатовы да рэформаў, але яны – бандыцкія. Беларускай мовы замала ў школах, але мы – частка расейскай культуры. Лязгаць зброяй не будзем, але разам з расейцамі будзем бараніць Айчыну на заходнім кірунку. Акуратна, каб не зрабіць горш, але трэба змяніць Канстытуцыю. Хацеў бы быць падалей ад гэтага катла, але Бог пасадзіў менавіта сюды. Прыкладна гэтак гучыць кароткі змест сённяшняга двухгадзіннага выступу Аляксандра Лукашэнкі на сумесным паседжанні дэпутатаў Палатаў прадстаўнікоў V і VI скліканняў.

Палітычны аглядальнік Віталь Цыганкоў заўважыў, што самая галоўная тэма ў выступе Лукашэнкі – эканамічны крызіс, які вельмі хвалюе беларускіх грамадзянаў. Кіраўнік Беларусі даў даволі адназначны адказ, падкрэсліўшы, што рэформаў не будзе. Лукашэнка ў сваім стылі заявіў, што, маўляў, можа б і хацеў правядзення рэформаў, але народ не хоча.

«Хаця, уласна кажучы, хто ў народу пытаўся? Ці ёсць нейкі рэферэндум? Ці ёсць нейкая сацыялогія? Дакладней, яна была, а цяпер яе зачынілі. Калі яна была, то паказвала, што народ, у прынцыпе, жадае пераменаў і эканамічных. Пра гэта казалі людзі падчас выбараў сваім кандыдатам і гэтак далей. Але Лукашэнка абірае, што яму з палітычнага пункту погляду рэформы кардынальныя непатрэбныя, але, паколькі ён пра гэта сам казаць не хоча, кажа, што гэтага не жадае народ», – заўважыў спадар Цыганкоў.

Больш – у відэаматэрыяле.

МЯ, belsat.eu