Відзьмо-невідзьмо: Чапліны і Трампы


Апошнім часам у медыях ці сацыяльных сетках распаўсюдзілася такая зʼява як тролінг. Наш сённяшні прыклад будзе, праўда, не з сеціва. У Амерыцы на конкурс сабралі пераймальнікаў прэзідэнта Трампа… Праўда, здараюцца і больш дурнаватыя імпрэзы. Уявіце, нехта захацеў сабраць у адным месцы вялікую колькасць людзей, якія адзеліся нібы Чарлі Чаплін.

У Швейцарыі, на тэрыторыі адзінага ў свеце музею камедыянта Чарлі Чапліна, зарганізавалі грандыёзную тусоўку людзей, якія захацелі пераапрануцца ў касцюм актора з фільма «Вялікі дыктатар». Аматары спрабавалі весці сябе нібы Чаплін. Зарэгістравалі 662 удзельнікі.

Музей здымаў фільм пра гэтую імпрэзу… Удзельнікі пашыхтаваліся своеасаблівай зоркай, якую было цікава назіраць з вышыні… На гэтую імпрэзу прыехаў, нават, сын камедыянта – Юджын Чаплін.

– Вобраз маленькага дыктатара шырокавядомы. Ён універсальны. Бачыце, цяпер ёсць Трамп. Маленькі Трамп хаваецца ў кожным з нас. Трэба яго душыць у сябе.

Такім чынам святкавалі 128-мы дзень народзінаў Чарлі Чапліна.

А тым часам у Галівудзе, у знакамітым клубе «Фабрыка смеху» адбыўся сусветны конкурс пераймальнікаў Дональда Трампа… 10 фіналістаў абралі праз конкурс у сеціве. Яны зʼехаліся з Новай Зеландыі, з Паўднёвай Карэі, Брытаніі, Канады, княства Дубаі, з Ірану, ЗША. Сярод усіх была, нават, жанчына. Кожны пераймальнік прапанаваў сваю версію Дональда Трампа.

Пераможцам вызначылі Джона Ды Даменіка, які досыць даўно паказваў Трампа ў адным з клубаў Лас-Вэгаса.

– Не так значна, што ты там кажаш. Галоўнае – пераняць ягоную манеру гаварыць. Бо яна асаблівая. І тады ўжо будзе смешна…

Цяпер пераможца зробіцца вядоўцам новага шоу, якое плануюць здымаць на «Фабрыцы смеху». Назва – «фэйкавыя навіны». Яно будзе грунтавацца на матэрыялах арабскага каналу Аль Джазіра і на падманах расейскага тэлебачання.

Сяргей Філімонаў