Відэаблогер Сяргей Пятрухін: людзі зразумелі, што дзяржава – не для народа


Па ўсёй краіне неслася рэха пратэстаў, а цяпер нясецца рэха штрафаў ды арыштаў. Агулам ад карна-судовае сістэмы пацярпелі ўжо каля 120 чалавек з самых розных гарадоў. Але напружанне, а з ім і пратэставыя настроі, пакуль не спадаюць. Вялікая акцыя запланаваная на заўтра.

Улады паклапаціліся, каб лідары ранейшых пратэстаў засталіся за кратамі на час заўтрашняе акцыі, а таксама на Дзень Волі, 25 сакавіка. Дасталася і журналістам, якія асвятлялі падзеі ў розных гарадах. Былі вялізныя штрафы. А вось блогер з Берасця Сяргей Пятрухін атрымаў 15 содняў арышту. А праз тое, што на судзе ён адсутнічаў, вырак атрымаў завочна. Сяргей Пятрухін – у «Гарачым каментары».

«Улады проста напалоханыя. А паколькі суды ў нас кішэнныя, як і дзяржаўныя медыі, то яны баяцца, гэта [пратэсты] пагроза для іх», – такую думку пра пратэсты выказаў госць «Белсату».

Асобныя словы Сяргей Пятрухін адрасаваў міліцыянтам, якія «адзначыліся» за апошнія дні:

«Хачу звярнуцца да міліцыянтам, каб яны паводзілі сябе згодна з заканадаўствам, бо, калі прыйдзе такі нядобры момант, то ўсё прыгадаецца. Не мной, бо я чалавек мірны, і мне міліцыянты асабліва нічога дрэннага не зрабілі».

Што тычацца пратэстаў, то яны змяняюць беларусаў, мяркуе Сяргей Пятрухін:

«У мяне адчуванне, што ў галаве народа, як так выражуся, нешта сапсавалася: людзі зразумелі, што дзяржава не для народа. Яны гэты ўсвядомілі. І людзі выйшлі не таму, што хочуць нейкай свабоды, выбараў, яны выйшлі, таму што ім няма чаго есці. І нешта ў народзе карэнным чынам змянілася, што ўжо не будзе такім, як раней».

Чытайце таксама:

НМ, belsat.eu