Відэаблогер Максім Філіповіч: Думаю, хутка мяне «закрыюць» на 15 содняў


Папулярны відэаблогер з Гомлю выказаўся пра пратэсты ў беларускіх гарадах і распавёў, ці баіцца ён пагрозаў за свае вострасацыяльныя заявы.

«Белсат»: Рыхтуюцца шматлікія акцыі пратэсту, якія маюць адбывацца ў самых розных гарадах. Ёсць меркаванні, што пратэсты пойдуць на спад.

Максім Філіповіч: Не, я не скажу, што пратэсты пойдуць на спад. Думаю, што гэта будзе, як лавіна, будзе ўсё больш і больш людзей. Я ўжо цяпер магу сказаць, што ў Менску будзе прынамсі ўтрая больш асобаў, чым было мінулым разам. Людзі гатовыя, хочуць, прагнуць гэтага.

Размаўляць проста паміж сабой усім надакучыла. 23 гады размаўлялі паміж сабой, і цяпер трэба казаць наўпрост у вочы ўсё, што ў людзей накіпела за гэты час. Больш людзі маўчаць не хочуць і не будуць.

«Белсат»: Ці не паказваюць цяперашнія пратэсты, што старыя лідары павінныя сыходзіць і што зʼяўляюцца новыя лідары? У Гомлі такім лідарам выглядаеце вы.

Максім Філіповіч: Не магу цалкам згадзіцца. Лідар можа і патрэбны, але ўсё роўна трэба разумець, што вы дзейнічаеце самі як народ. Лідар сёння ёсць, а заўтра, напрыклад, стаў такім лідарам я, мяне «закрыюць» на 15 содняў – а я думаю, што мяне хутка «закрыюць» на 15 содняў – і людзі не будуць бараніць свае правы? Людзі павінныя самі не баяцца, нават адныя, дабівацца выканання сваіх правоў, але пры гэтым заўжды каардынавацца адзін з адным.

Чытайце таксама:

НМ, belsat.eu