«Венецыянскі кінафестываль»: Мэт Дэйман у фільме «Карацей»


Старажытныя эзатэрычныя практыкі прапануюць чалавеку павялічыцца да памераў сусвету ў медытацыях. Тады ўсемагчымыя псіхічныя праблемы атрымаюць шанец паспяхова вырашыцца. Герой стужкі з назваю «Карацей» у выкананні Мэта Дэймана хоча, наадварот, зменшыцца. З мэтай збавіцца ад праблемаў. Ну, вось такая дылема цяпер перад светам, Еўразвязам і перад журы Венецыянскага кінафестывалю, які прэтэндуе сёлета зрабіцца прыкметнай падзеяй сезону.

Найстарэйшы кінафестываль у свеце адбываецца ў гэтыя дні ў італьянскім горадзе Венецыя ўжо ў 74-ты раз. Звычайна конкурсныя фільмы прадстаўляюць там на прэс-канферэнцыі, куды ўдзельнікі традыцыйна зʼязджаюцца на чоўнах. А потым, увечары, адбываецца паказ стужкі ў галоўнай залі фестываля, тады стваральнікі пазіруюць для прэсы на чырвоным дыване.

«Гэты мой фільм ёсць чорнай камедыяй. Ён грунтуецца на фантастычнай глебе. Людзі атрымоўваюць магчымасць збаўлення ад сваіх праблемаў пасля таго, як зробяцца карацей. Зменшацца. Сюжэт такі, гумарыстычны», – Аляксандр Пэйн.

«Здаецца, што гэта – самы аптымістычны фільм Аляксандра Пэйна. Так мне сказаў адзін журналіст. І я згодны. Нават, не гледзячы на факт, што ў стужцы ёсць свой апакаліпсіс», – Мэт Дэйман.

…Цікава, што рэжысёр шукаў фінансаванне гэтага праекту цягам пяці гадоў. І Мэтт Дэйман чакаў, не адмаўляўся ад галоўнай ролі. Бо палічыў стужку значнай для сваёй карʼеры.

На нашых тэрыторыях фільм з назвай «Карацей» выйдзе ў пракат дзесьці пад Новы год.

Анэт Бенінг – галівудская акторка, жонка Ўорэна Біці. Ёй амаль 60. Яна ўзначальвае журы сёлетняга Венецыянскага фестывалю. У Венецыі адбыўся цэлы шэраг цікавых прэмʼер новых фільмаў ад жывых класікаў кіно – Уільяма Фрыдкіна, Стывена Фрырза, Пола Шрэдэра, Дэль Тора, Дарэна Аранофскі, кітайскага дысідэнта Ай Вэй Вэя, ды шматлікіх іншых. Пра пераможцаў Венецыі мы даведаемся 9-га верасня.

Сяргей Філімонаў