Валер Кавалеўскі: Не думаю, што беларускім праваахоўнікам будуць верыць у Вашынгтоне


Намеснік кіраўніка Міністэрства замежных справаў Беларусі Алег Краўчанка наведаў Вашынгтон і прыняў удзел у дыскусіі «Між Усходам і Захадам: Беларусь на скрыжаванні», якую арганізаваў аналітычны цэнтр The Atlantic Council.

«Краўчанка выступаў вельмі асцярожна, ён не рабіў гучных заяваў. Гучныя заявы з яго можна было выцягнуць толькі праз нейкія пытанні, што і рабіла аўдыторыя. Трэба адзначыць, што панэль была незбалансаваная. Людзі, якія ўвайшлі ў склад выступоўцаў, прытрымліваліся аднаго пункту гледжання на сітуацыю ў Беларусі і на тое, як павінны развівацца адносіны паміж Беларуссю і Злучанымі Штатамі. А менавіта: трэба закрываць вочы на ўнутраную сітуацыю ў Беларусі і больш надаваць увагі геапалітыцы, а гэта значыць – падтрымліваць Лукашэнку перад ростам пагрозы з боку Расеі», – кажа Валер Кавалеўскі з Беларуска-амерыканскага задзіночання (Вашынгтон).

На сустрэчы намесніка міністра спыталі наконт апошніх рэпрэсіяў у Беларусі і справы «Белага легіёна».

«Краўчанка сказаў, што ён верыць праваахоўным органам Беларусі, але прызнаў што фактар правоў чалавека застаецца ў парадку дня ў адносінах са Злучанымі Штатамі. Я не думаю, што беларускім праваахоўнікам будуць верыць у Вашынгтоне, іншая справа, ці будзе гэта брацца ў разлік – тыя метады ў дачыненні да мірных пратэстоўцаў», – распавядае Валер Кавалеўскі.