Вадзім Іосуб: Беларусы павольна, але пачынаюць давяраць нацыянальнай валюце


Амерыканскіх долараў у беларусаў павінна стаць яшчэ менш. Урад і Нацыянальны банк зацвердзілі план па дэдаларызацыі айчыннай эканомікі. То бок па скарачэнні выкарыстоўвання замежнае валюты ў разліках і пры выплаце збораў, мытаў ды іншых плацяжоў, а таксама ў якасці эквіваленту меры кошту пры фармаванні тарыфаў, ставак і коштаў.

Новую ініцыятыву ўраду каментуе старэйшы фінансавы аналітык «Альпары» Вадзім Іосуб.

Гэта добрая і неабходная тэндэнцыя. Напэўна знаходзячыся недзе за мяжою, вы наўрад ці зможаце плаціць доларамі. Альбо ў ЗША наўрад ці зможаце плаціць еўра. Мэта гэтага – зрабіць тое ж самае ў Беларусі. Па-першае, каб усе разлікі былі ў нацыянальнай валюце. Гэтага практычна ўжо дамагліся. Можа за дарагія пакупкі яшчэ расплачваюцца ў валюце, але часы, калі на рынках усё прадавалі за долары прайшлі. Па-другое, важная задача адвязаць кошты, тарыфы, заробкі ад замежнай валюты. Па-трэцяе зменшыць долю замежнай валюты ў крэдытах і дэпазітах.

Канчаткова пазбавіцца ад прывязкі коштаў і тарыфаў да валюты за два гады цалкам магчыма. Але праблема, што большасць дэпазітаў насельніцтва ў нас у валюце. Дэпазіты насельніцтва ў валюце перавышаюць 70 %. Тэрміновыя – больш за 80 %.

Важна разумець, што мовы пра канфіскацыю валюты альбо прымусовай канвертацыі ў рублі не ідзе. Размова ідзе пра стымуляванне таго, каб народ лічыў больш прывабнай нацыянальную валюту. У мінулым годзе, напрыклад, найбольш выгаднымі былі дэпазіты ў расейскіх і беларускіх рублях.

Беларусы пачынаюць давяраць нацыянальнай валюце, але гэты працэс ідзе вельмі павольна. Звязана гэта з тым, што беларусы прайшлі за апошнія 20 гадоў праз рэкордную ў рэгіёне інфляцыю, дэвальвацыі. Каб вярнуць давер, трэба як мінімум некалькі гадоў нізкай інфляцыі і ўстойлівасці беларускага рубля.

Поўную размову Валерыя Руселіка з Вадміма Іосубам глядзіце ў «Гарачым каментары».