Агляд падзеяў культуры Ва ўкраінскія арнаменты ўбраўся Музей Янкі Купалы


Тут адкрылася выстава старадаўніх ручнікоў, кашуляў, керамікі ды прадметаў побыту з прыватнай калекцыі майстрыхі Галіны Безбародкі. Рэчы, вышытыя рукамі бабуляў і прабабуляў, Галіне прыносяць ейныя землякі – украінцы, якія жывуць у Беларусі.

Збіраць калекцыю яна пачала ў 13 гадоў, калі прыехала ў госці да сваёй цёткі на Івана-Франкоўшчыну: «Я закахалася ў гэты гуцульскі край і сказала цётцы, што хачу стварыць музей. Яна мне падарыла косаўскую талерку, косаўскую вазу і гэты дыванок. І з гэтага моманту я стала збіраць старадаўнія рэчы».

Студэнткай Галіна пабралася шлюбам з беларускім вайскоўцам, лётчыкам, і сваю мару пра музей украінскай культуры здзейсніла ўжо ў Беларусі. У вёсцы Азярок яны з мужам пабудавалі хату-мазанку, дзе і захоўваюцца ўсе экспанаты.

«Гэта помнік мінуламу пакаленню, якое перажыло рэвалюцыю, калектывізацыю, Галадамор, вайну, але ў гэты час людзі тварылі такія цудоўныя рэчы, якія маюць вельмі станоўча ўплываць на нашых дзяцей, бо ў гэтых рэчах ёсць душа», – падкрэслівае калекцыянерка.

На выставе арнаменты розных рэгіёнаў Украіны. Ёсць і беларускія ручнікі ды строі – напрыклад, з Магілёўшчыны. Таму можна параўнаць нашыя традыцыі, зазначае мастацтвазнаўца Яўген Сахута: «На гэтай выставе мы якраз і бачым, што беларуская арнаментыка ромба-геаметрычная, а ўкраінская – раслінная, асабліва позняя».

Выставай «Родныя крыніцы» пры ўдзеле амбасады Украіны ў Купалавым доме адзначылі дзень народзінаў украінскага класіка Тараса Шаўчэнкі, да якога Янка Купала ставіўся з прыхільнасцю, прысвячаў яму творы і перакладаў паэмы на беларускую мову.

Іншыя тэмы:
Супольны канцэрт гурта «Спасение» і камернага аркестру абласной філармоніі ў Берасці.
«Візуальны код часу» – у Горадні дзее выстава беларускіх плакатаў.
Гурт «Naviband» прэзентаваў фінальны варыянт песні для «Еўрабачання».

Аляксандра Дорская, Ірына Дарафейчук, «Белсат»

Каментары