Сярэдняга заробку хапае ўсё на меней


Фота на перадпраглядзе ITAR-TASS / Vadim Rymakov / Forum

«Раней на 10 рублёў набярэш прадуктаў, а цяпер нічога не купіш», – скардзяцца менчукі.

І насамрэч, у параўнанні годам дэнамінацыі (2016), у мінулым 2017-м на сярэдні рэальны даход можна было набыць менш прадуктаў: вяршковага масла – на 10 кг, макароны – на 100 кг, яек – на 400 штук, а таксама на 70 літраў менш малака.

Людзі кажуць, што ўсё падаражэла, а Белстат сцвярджае, што за апошні год мы сталі жыць лепш. Інфляцыя склала ўсяго 4,6%, а рэальныя даходы выраслі на 6,7%. Скарэктаваўшы рост рэальных даходаў на ўзровень інфляцыі, атрымоўваем, што насамрэч мы пабагацелі на два адсоткі адносна мінулага года.

Старшы аналітык «Альпары» Вадзім Іосуб тлумачыць, што з узроўнем дабрабыту і падаражэннем не ўсё так адназначна:

«Рост рэальных даходаў на два % азначае, што яны выраслі на два адсоткі хутчэй за інфляцыю. І калі гэтыя рэальныя даходы растуць, то значыць, у сярэднім людзі жывуць лепш. Але лепш жыве не большасць і нават не палова».

Каб зразумець, бяднеем мы ці багацеем трэба ўлічваць вельмі шмат фактараў. Сярэдні заробак, стаўкі па крэдытах, кошты на камуналку, паліва, паслугі, курс долара. Таму нават параўноўваць учорашнія 100 тыс. і сённяшнія 10 рублёў няма сэнсу.

Адчуванне, што мы жывем усё горш і горш, – хутчэй псіхалагічны стан, чым фінансавая рэальнасць. У рэгіёнах шмат тых, што жыве на 200-300 рублёў, але там таннейшае жытло і ніжэйшыя выдаткі на транспарт. У сталіцы зарабляюць больш, але і больш выдаткоўваюць. Цікава, што збядненне найбольш адчуваюць менавіта самыя бедныя.

Чаму мы бяднеем, а Белстат гэтага не заўважае, глядзіце ў сюжэце праграмы «Асабісты капітал» (відэа вышэй).

А гэта – праграма «Асабісты капітал» цалкам: