Вось ужо больш за тры тыдні ў вясковых пунях стаіць вада. Запасы гародніны сапсаваліся, іх давядзецца выкінуць, а гаспадарчыя пабудовы ледзь утрымліваюцца, каб не заваліцца. Вада не шкадуе і хатаў – па сценах паўзуць расколіны, у склепах, дзе раней захоўвалі нарыхтоўкі, цяпер можна разводзіць рыбу.
Мясцовыя ўлады неяк намагаліся развязаць праблему вяскоўцаў, нават завезлі трубы. Але праз некаторы час іх папросту кудысьці вывезлі. Нядаўна прызначаны старшыня сельвыканкаму паабяцаў ужо сёлета знайсці выйсце. Нашая праграма прасочыць, ці жыццё вяскоўцаў будзе і надалей залежаць ад капрызаў надвор’я або мясцовыя ўлады ўсё ж выканаюць свае абяцанні.