Усаў: Дэмаршы Лукашэнкі – фармальныя


Беларусь пашырае супрацу з Еўразвязам. Масква не збіраецца глядзець скрозь пальцы. Брусель дае Менску 7 мільёнаў еўраў на развязанне тэхнічных праблемаў мігрантаў. Міністр замежных справаў Расеі Сяргей Лаўроў ужо раскрытыкаваў Беларусь за магчымую будоўлю лагераў для мігрантаў і ўцекачоў. Павел Усаў – пра тое, чаму Маскве не варта хвалявацца.

Цяпер мы бачым інфармацыйную вайну, якая не мае нічога супольнага з рэчаіснасцю.

Калі мы паглядзім на рэальную палітыку на лініі Менск–Масква, ніякіх рэальных зрухаў – стратэгічных і эканамічных, – каб дыстансавацца ад Масквы, няма.

Давайце прыгадаем дэмарш Лукашэнкі напрыканцы 2016-га, калі ён не паехаў на саміт ЕАЭС і АДКБ, нібыта адмаўляючыся падпісаць нейкія паперы, але ўрэшце падпісаў Мытны кодэкс Еўразійскага звязу.

Лукашэнка робіць фармальныя дэмаршы, але ў практычным сэнсе ўсё выконвае.

Цягам мінулага году мы мелі шэсць разнастайных расейска-беларускіх вайсковых вучэнняў на тэрыторыі Беларусі, сёлета плануюцца маштабныя вучэнні «Захад-2017» – нягледзячы на тое, што мы маем дыялог з Еўропай.