Урад самазабойцаў. Чаму чыноўнікі не пойдуць на рэформы?


Любыя істотныя змены ў заканадаўстве Беларусі непазбежна выклікаюць незадаволенасць і абурэнне грамадства. Ці сапраўды ўрад будзе да апошняга цягнуць з любымі пераменамі, разбіраліся госці праграмы «Размова тыдня» са Святланай Калінкінай актывіст з Горак Андрэй Юркоў і старшыня руху «За Свабоду» Юрый Губарэвіч.

На гэтым тыдні Сяргей Румас быў зацверджаны ў ролі прэм’ер-міністра Беларусі. Супраць прызначэння выступіў толькі адзіны дэпутат Палаты прадстаўнікоў – Ганна Канапацкая. Усе астатнія цалкам задаволеныя новым прэм’ерам?

«Палата прадстаўнікоў настолькі дэкаратыўны орган, што забывае, якія ў яе ёсць паўнамоцтвы. Бо насамрэч прапісана, што кандыдатура прэм’ера мусіць узгадняцца з дэпутатамі, яны галасуюць і ўжо пасля гэтага можа стаць паўнавартасным кіраўніком урада Беларусі»? – каментуе сітуацыю старшыня руху «За Свабоду» Юрый Губарэвіч.

Па словах актывіста з Горак Андрэя Юркова, беларускі ўрад ніколі не пойдзе на істотныя змены ў любым сур’ёзным пытанні – ад кадравых перастановак да эканамічных зменаў.

«Праблема вельмі глыбокая і хто наважыцца яе вырашаць, будзе першы ўрад самазабойцаў. І я сумняваюся, што гэта будзе Румас, што ён самазабойца, бо там проста жах. На сённяшні дзень прадпрыемстваў як такіх няма, як адзінак гаспадарання. Ёсць райвыканкам, старшыня райвыканкаму, а старшыні прадпрыемстваў сельскагаспадарчых гэта фактычна як брыгадзіры раней на фермах. Усё пад кантролем. У іх няма ніякіх паўнамоцтваў нават унутры ўласнай гаспадаркі нічога рабіць. Яны выконваюць чотка загады зверху», – апісаў сітуацыю на прыкладзе становішча ў сельскагаспадарчым сектары Андрэй Юркоў.

Таксама ў «Размове тыдня» са Святланай Калінкінай:

– Ці ўратуе вёску чарговая спроба ажывіць аграпрамысловы комплекс?

– Лукашэнка не хоча паўтарыць лёс Гарбачова: чаму адменены «начны сухі закон»?

– Шуневіч – на выхад? Ці справядлівая крытыка праекту закона аб хатнім гвалце, падрыхтаванага МУС

– Ва ўсіх нашых бедах вінаватыя настаўнікі?