Уладзімір Пуцін не ляціць у Парыж, дзе хочуць размаўляць толькі пра Сірыю


Крэмль афіцыйна адмяніў прызначаны на 19-га кастрычніка візіт, пра які Масква сама раней прасіла. Прычына ў тым, што Франсуа Алянд адмовіўся сустракацца са сваім расейскім калегам для чаго-кольвек, акрамя абмеркавання сірыйскага пытання. Прэзідэнт Францыі патрабуе, каб войскі Пуціна і Асада перасталі бамбаваць Алепа.

Паводле прэс-службы Крамля, раней Уладзімір Пуцін хацеў паехаць у Парыж на адкрыццё расейскага духоўнага цэнтру і схадзіць на выставу расейскага жывапісу. Франсуа Алянд згодны на сустрэчу з Пуціным у любы час – але выключна для справы. Пра гэта ён заявіў сёння на восеньскай пленарнай сесіі Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы.

«Я веру, што неабходны дыялог з Турцыяй, у сэнсе з Расеяй. Але дыялог мусіць быць устойлівы і адкрыты. Іначай яго не будзе. Іначай гэта будзе махлярства. Таму я гатовы ў любы час сустрэцца з прэзідэнтам Пуціным. Але толькі калі ў нас будзе магчымасць дапамагчы дасягнуць міру ў Сірыі, каб спыніць бамбаванні і абвесціць перамірʼе», – адзначыў прэзідэнт Францыі Франсуа Алянд.

Перад адменай візіту Пуціна ў Парыж была таксама гучная заява генсека ААН. Пан Гі Мун лічыць, што трыбунал у Гаазе мусіць расследаваць ваенныя злачынствы Крамля ў Сірыі. У суботу менавіта Расея заблакавала ў Радзе Бяспекі ААН рэзалюцыю аб забароне бамбавання Алепа і палётаў ваеннай авіяцыі над гэтым горадам. Сёння расейская авіяцыя аднавіла бамбаванні жылых кварталаў Алепа, кантраляваных празаходнімі праціўнікамі Башара Асада. На гэтым фоне Масква патрабуе ад Злучаных Штатаў аднавіць супрацу па Сірыі.

«Чым хутчэй у Вашынгтоне зразумеюць, што без Расеі немагчыма перамагчы міжнародны тэрарызм, тым хутчэй выйграе міжнародная супольнасць. Мы да такой працы з амерыканскімі калегамі ды іншымі краінамі гатовыя», – адзначыў намеснік міністра абароны Расеі Анатолій Антонаў.

Затое аднавілася ваенна-дыпламатычная супраца між Расеяй і Турцыяй, якая мае свае інтарэсы ў паўночных рэгіёнах Сірыі.

«Мы разгледзелі пытанне Сірыі, і асабліва абмеркавалі, якую стратэгію можам выбраць, каб дапамагчы з гуманітарнага гледзішча жыхарам, якія ў вельмі цяжкім стане, у прыватнасці, у горадзе Алепа. У гэтым пытанні мы далі ўказанні нашым адпаведным органам», – заявіў прэзідэнт Турцыі Рэджэп Эрдаган.

Яшчэ паўгода таму адносіны між Масквой і Анкарой былі замарожаныя, пасля таго як Турцыя збіла расейскі бамбавальнік, што лятаў у яе паветранай прасторы. А цяпер Пуцін у Стамбуле не толькі пахваліў масавыя чысткі Эрдагана ў дзяржаўных установах, але і дамовіўся аб аднаўленні пабудовы трубаправода «Турэцкая плынь».

«Вы былі сведкамі падпісанні міжурадавага пагаднення, гэта новая газаправодная сістэма «Турэцкая плынь». У межах гэтага праекту і пашырэння нашай супрацы мы дамовіліся таксама і аб механізмах прадстаўлення зніжкі на газ. Звяртаю ўвагу, што такім чынам мы рухаемся ў кірунку рэалізацыі планаў прэзідэнта Турцыі аб стварэнні ў гэтай краіне буйнога энергетычнага хабу», – падкрэсліў кіраўнік Расеі Уладзімір Пуцін.

Эрдаган паабяцаў, што працы ў пракладцы «Турэцкай плыні» будуць паскораныя. Першую нітку газаправоду па дне Чорнага мора абяцаюць скончыць праз 3 гады. Сухапутная частка «плыні» будзе ісці да грэцкай мяжы, хаця Еўразвяз і не плануе купляць больш газу ў Расеі.

На гэта Уладзімір Пуцін скардзіўся на энергетычным саміце ў Стамбуле. Але сцвярджаў, што санкцыі Захаду, уведзеныя пасля анексіі Крыму і агрэсіі на ўсходзе Украіны, не дасягнулі сваіх мэтаў.

«Уладамі шэрагу краінаў практыкуюцца рэкамендацыі бізнесу зварочваць прыбытковыя праекты, адмаўляцца ад закупак паліва па найкарацейшых маршрутах і выгодных коштах. Пры гэтым яны спасылаюцца на так званую саюзніцкую салідарнасць і блокавую дысцыпліну», – заўважыў Уладзімір Пуцін.

Сама Масква адмяніла забарону на імпарт з Турцыі часткі сельскагаспадарчай прадукцыі. Паводле расейскага ўраду, турэцкія апельсіны, мандарыны, абрыкосы, персікі і слівы больш не пагражаюць нацыянальнай бяспецы Расейскай Федэрацыі.

Яраслаў Сцешык, «Белсат». Фота rusofili.bg