Уладзімір Някляеў пра акцыю 24 лістапада: Калі людзей збярэцца дастаткова, будуць дынамічныя дзеянні


На гадавіну рэферэндуму 1996 года ў сталіцы мае адбыцца апазіцыйная акцыя. Пра намер правесці мітынг з нагоды чорнай даты ў гісторыі краіны Мікалай Статкевіч і Уладзімір Някляеў папярэдзілі Менгарвыканкам. Што рыхтуюць палітыкі на 20-ю гадавіне дзяржаўнага перавароту? І як адрэагуюць улады на палітычнае апавяшчэнне?

Рэферэндум 24 лістапада 1996 года быў праведзены з ініцыятывы Аляксандра Лукашэнкі. Згодна з яго вынікамі, у Канстытуцыю ўнеслі змены, якія, акрамя іншага, працягнулі тэрмін прэзідэнцкіх паўнамоцтваў Лукашэнкі на 2,5 гады. Вынікі рэферэндуму не былі прызнаныя сусветнай супольнасцю, Еўразвязам, ЗША, АБСЕ ды іншымі аўтарытэтнымі міжнароднымі структурамі. Як адзначаюць у сваім паведамленні арганізатары акцыі, у Беларусі адсутнічае законна абраны парламент і, адпаведна, легітымная працэдура рэалізацыі канстытуцыйнага права на свабоду мітынгаў і дэманстрацыяў. Таму, у адпаведнасці з прынятай у суседніх краінах практыкай, пра свой намер зладзіць мітынг яны паведамляюць за 5 дзён да яго пачатку.

Паэт і палітык Уладзімір Някляеў падкрэсліў, што цяпер мала хто ведае, што насамрэч здарылася ў 1996 годзе.

«Тады адбыўся дзяржаўны пераварот, злачынства, якое не мае даўнасці і пра якое трэба ведаць, і за якое людзям, якія яго здзейснілі, трэба адказваць. У 1996 годзе была спроба прыцягнуць іх да адказнасці, апазіцыя ў Вярхоўным Савеце паспрабавала наладзіць імпічмент, але пры дапамозе Масквы гэта правалілася. І Лукашэнка стаў з гэтага моманту адзіным утрымальнікам улады ў нашай краіне», – падкрэсліў Уладзімір Някляеў.

Палітык зазначыў: калі на плошчы Свабоды збярэцца дастаткова людзей, арганізатары плануюць дынамічныя дзеянні, кшталту шэсця. Калі ж людзей будзе няшмат, то прадугледжаны мітынг.

«Але ў любым выпадку людзям трэба нагадваць, што мы жывем у ненармальных умовах, калі ніводзін грамадзянін Беларусі рэальнага ўплыву на развіццё краіны не мае», – заўважыў суразмоўца «Белсату».

Больш – у відэакаментары.

МЯ, belsat.eu