Улады Турцыі на тры месяцы працягнулі надзвычайнае становішча


Рэджэп Эрдаган святкуе сваю перамогу на рэферэндуме, не звяртаючы ўвагі на асцярожную крытыку Еўропы і пратэсты туркаў. Еўразвяз спрабуе зразумець, што цяпер рабіць з такім хаўруснікам.

Прэзідэнт Рэджэп Эрдаган, усю ўладу якому, паводле афіцыйных звестак, аддалі больш за палову тых, хто прагаласаваў, святкуе перамогу. Аднак у краіне працягваюцца пратэсты супраць вынікаў рэферэндуму. Учора ўвечары каля дзвюх тысяч чалавек выйшлі на вуліцы Стамбулу, скандуючы: «Злодзей, забойца, Эрдаган».

«Я веру, што было мноства незаконных дзеянняў. Мы чулі шмат навінаў. Мы гатовыя змагацца за аддадзеныя намі галасы. Мы не прымем выніку «так», бо вынікам было «не»», – кажа пратэстовец.

«Я не хачу, каб парламент перастаў працаваць. Ён мусіць быць цалкам абраны намі. Я супраць аднаасобнага кіравання і дыктатараў», – тлумачыць удзельніца пратэсту.

Падчас акцыяў пратэсту ў розных гарадах затрымалі больш за дзесяць чалавек. Улады Турцыі адказалі на грамадскія хваляванні працягам надзвычайнага становішча яшчэ на тры месяцы.

«Рада нацыянальнай бяспекі рэкамендавала кабінету міністраў падоўжыць надзвычайнае становішча, згодна з яго паўнамоцтвамі», – заявіў віцэ-прэмʼер Турцыі Нуман Куртулмуш.

Рада бяспекі сцвярджае, што падаўжэнне надзвычайнага становішча неабходнае, каб абараніць прынцыпы прававой дзяржавы, а таксама правы і свабоды грамадзянаў Турцыі. Прэмʼер краіны Біналі Йылдырым, у сваю чаргу, заявіў, што ўлады не хочуць абмяркоўваць заяваў апазіцыі аб парушэннях падчас рэферэндуму і аб неабходнасці пералічыць галасы.

«Гэта бессэнсоўная спроба дыскрэдытаваць рэферэндум, распаўсюджваючы ілжывыя чуткі. Воля народу была адлюстравана ў скрынях для галасавання. Дэбаты скончыліся. Кожны мусіць паважаць вынікі, асабліва апазіцыя. Гэта няправільна – абмяркоўваць атрыманыя адсоткі», – кажа турэцкі прэмʼер Біналі Йылдырым.

Віншаванні турэцкаму лідару, які здабыў магчымасць заставацца ва ўладзе да 2029 года, паступілі з Беларусі, Азербайджану, а таксама з ЗША. Крэмль заявіў, што рэферэндум – гэта ўнутраная справа Турцыі. ЕЗ чакае справаздачу міжнародных назіральнікаў, але выказвае занепакоенасць магчымым вынясеннем на чарговы рэферэндум пытання смяротнага пакарання.

«Мы безумоўна адмовіліся ад смяротнага пакарання – гэта адзін з базавых прынцыпаў Еўразвязу, галоўны прынцып – той, што сімвалізуе Еўропу ў сучасным свеце. Таму пераход у гэтым пытанні ад словаў да справы ў Турцыі ёсць для нас ясным сігналам, што Турцыя не хоча быць чальцом еўрапейскай сямʼі», – патлумачыў прэс-сакратар Еўракамісіі Маргарытыс Схінас.

Еўрапейцы занепакоеныя не толькі магчымымі парушэннямі ды адыходам Турцыі ад дэмакратычных прынцыпаў, але і тым, што на вынік рэферэндуму моцна паўплывалі выбарнікі з еўрапейскіх краінаў, якія некалі беглі туды ад закручвання гаек Эрдаганам, а цяпер падтрымалі яго больш актыўна, чым электарат у самой Турцыі.