«Улады не могуць адкрыта выступіць супраць «рускага свету», але адрэагавалі, як маглі»


Пасля публікацыяў газеты «Наша ніва» пра «навучанне» беларускіх дзяцей у расейскіх ваенізаваных лагерах улады спынілі дзейнасць сумнеўных клубаў у Віцебску, да якіх мела дачыненне і праваслаўная царква. Цяпер расейскі казак Аляксандр Шаўчэнка апублікаваў вялікі матэрыял, у якім абвінавачвае афіцыйны ў Менск у русафобіі. Віноўніцаю ўсіх бедаў псеўдапатрыятычнага клубу называецца менавіта газета «Наша ніва».

«Фактычна гэты клуб, і гэтыя людзі, якія нават не маюць беларускага грамадзянства, – кажу пра сямейную пару Гаўрыліных і гэтага Шаўчэнку – займаліся «вайскова-патрыятычным выхаваннем». Прысмоктваліся да розных структураў: то праваслаўная царква, то афганцы.

Адзначыліся тым, што вазілі беларускіх школьнікаў, няпоўнагадовых, на вайсковыя зборы ў Падмаскоўе, дзе трэнерамі былі неанацысты. Аляксей Мільчакоў, які быў інструктарам на гэтых зборах, вядомы яшчэ з 2010-га года, калі адразаў сабакам галовы, фатаграфаваў гэта і пісаў, што «сабака не толькі сябра чалавека, але і добры шашлык». Людзі, якія ўжо «адчулі смак крыві», выхоўвалі беларускіх дзяцей у невядома якім духу», – распавядае журналіст газеты Арцём Гарбацэвіч.

Адзначае пры гэтым, што да пэўнага моманту ўкраінскія ўлады таксама не звярталі ўвагі на аналагічную праблему:

«Пакуль не пачаўся гэты Данбас. Гэты працэс быў. Я не кажу канкрэтна пра вываз дзяцей у Падмаскоўе, кажу пра саму гэтую сістэму «вайскова-патрыятычнага выхавання», да якой прысмоктваюцца незразумелыя персанажы. І ва Украіне так было, мы ведаем, чым гэта ўсё скончылася. Мы звярнулі на гэта ўвагу. Думаю, улады пра гэта проста не ведалі. Мы ім расплюшчылі вочы, паказалі».

Таксама Арцём Гарбацэвіч пракаментаваў дзеянні беларускіх уладаў у гэтай сітуацыі:

«Мы фактычна ў саюзе з Расеяй, у нас нейкая саюзная дзяржава. І ўлады не могуць афіцыйна ва ўвесь голас заявіць, што мы «за гэта дэпартуем грамадзяніна Расеі». Яны не могуць дазволіць сабе гэта зрабіць – адкрыта выступіць супраць «рускага свету». Таму іхная пазіцыя, думаю, цалкам рэальная. Што маглі ўлады зрабіць у гэтай сітуацыі, тое і зрабілі. Грамадскасці давялі, што адказных людзей папярэдзілі. Гэтых заняткаў больш не праводзяць, клуб разгромлены».