Улады хочуць закрыць музей, што аднаўляе традыцыйныя беларускія рытуалы


У Гомлі могуць закрыць філіял Веткаўскага музею. Гэткі намер агучыў кіраўнік гомельскага аблвыканкаму Уладзімір Дворнік. На ягонае меркаванне, музею не месца ў дварцова-паркавым ансамблі – тут больш прыдалося б месца, дзе турысты змаглі б паабедаць.

У музеі парыруюць: ці не больш важна, каб і турысты, і гомельцы змаглі паглядзець на выкананне традыцыйных беларускіх абрадаў і не з экспазіцыяў ці кніжак даведацца, як святкавалі вяселле, ці, скажам, сакральна запальвалі святло ў хатах нашыя продкі. Музей даўно стаў ці не адзіным у горадзе асяродкам беларускай культуры.

«Мы гуртуем вакол сябе традыцыйную культуру, але не ў фармаце экпазіцыйнай залі ці вітрыны – яна жыве. І большасць моладзь, якая прыходзіць да нас, і танчыць, і спяваць, яна таксама зацікаўленая, каб гэты цэнтр існаваў», – адзначае загадчык Філіялу Веткаўскага музею ў Гомлі Пятро Цалка.

Пятро Цалка дадае і лічбы: музей можа пахваліцца 10-ццю тысячамі наведванняў за год, і гэта не ўлічваючы людзей, што прыходзяць на самыя папулярныя – адкрытыя імпрэзы. Філіял Веткаўскага музею ў Гомлі даўно стаў месцам, дзе людзі ўсіх узростаў пасля працы ці вучобы збіраюцца на беларускія народныя танцы ці спеўкі, а бацькі прыводзяць сюды сваіх сыноў і дачок на беларускія ранішнікі.

Марына Вашкевіч, Сяргей Будкін belsat.eu