Украіна распачала вучэнні на фоне пагрозаў з Расеі


Украіна распачала вучэбныя ракетныя стрэльбы ў Херсонскай вобласці.

Украінскія ракетныя комплексы С-300 праводзяць планавыя вучэнні, заяўляюць у Кіеве. У стрэльбах удзельнічаюць цэлы комплекс збройных сілаў нашае паўднёвае суседкі – войскі сувязі, беспілотная і транспартная авіяцыя. Яшчэ на мінулым тыдні сваё абурэнне манеўрамі выказала расейскае мінабароны, дзе мяркуюць, што ўкраінскія ракеты могуць пагражаць Крыму. У расейскіх адмыслоўцаў сумневаў няма.

«Гэта комплекс мерапрыемстваў, каб вымусіць праціўніка пайсці на крокі, выгодныя баку-правакатару. З аднаго боку падобнае нахабства нас здзіўляе, з іншага боку – чаго хацець ад людзей, што прапагандуюць і выкарыстоўваюць нацысцкую і бандэраўскую ідэалогію», – гэтак мяркуе кансультант дырэктара Расейскага інстытуту стратэгічных даследаванняў Аляксей Самойлаў.

Планаваная зона вучэнняў і раней не накрывала крымскі паўвостраў, аднак на 12 кіламетраў заходзіла на тэрытарыяльныя воды Крыму. Пасля пагрозаў Украіна перанесла стрэльбы на 40 кіламетраў на поўдзень, аднак пагрозы не спыніліся. На далейшыя саступкі Кіеў не пайшоў.

«Украіна – суверэнная дзяржава і ўсе баявыя манеўры і вучэнне адбываюцца ў планавым парадку. Усё, што тычацца міжнародных дамоўленасцяў, Украіна выконвае, і ўсе запланаваныя дзеянні будуць абавязкова праведзеныя. Што ж да пагрозаў і іншага – яны ня могуць пашкодзіць ніякім мерапрыемствам на ўкраінскай тэрыторыі», – заявіў прэс-сакратар Мінабароны Украіны Андрэй Лысенка.

І сапраўды – нягледзячы на пагрозы першы – сённяшні этап вучэнняў прайшоў без перашкодаў з расейскага боку. Працяг – заўтра. Паводле вайсковага аглядальніка Аляксандра Алесіна, у дзеяннях Кіева, якімі б законнымі яны не былі, ёсць пэўны правакатыўны элемент. Маўляў, ня гэтак важна, ці парушаюць украінскія ракеты расейскую паветраную прастору. Больш істотна – як адрэагуе Крэмль.

«У Еўропе стаміліся ад Украіны і ейныя праблемы ўжо, груба кажучы, усіх дасталі. І яны намагаюцца прыцягнуць дадатковую цікаўнасць, а да таго ж – раптам Расея адкажа неадэкватна, сарвецца, не вытрымаюць нервы, штосьці запусціць, перакрочыць мяжу і гэтак далей», – кажа Аляксандр Алесін.

Гэта была б, мякка кажучы, даволі рызыкоўная гульня Кіева. Але Расеі цяпер проста непатрэбная эскалацыя ўжо існых канфліктаў, мяркуе Аляксандр Алесін:

«У Расеі і без гэтага праблемаў шмат: гэта і завяршэнне аперацыі ў Сірыі, і падрыхтоўка стратэгіі ўзаемадзеяння з ЗША, з Трампам. Ім бы не хацелася пачынаць дачыненні з Трампам з вайны ўва Украіне. Тое б падарвала ўсе планы Пуціна па выпраўленні дачыненняў».

Магчыма, таму афіцыйны Крэмль у асобе прэс-сакратара прэзідэнта Дзмітрыя Пяскова заявіў, што нават не ведае пра пагрозы з боку ўласнага міністэрства абароны.