Uber не сыходзіць. Сэрвіс паспяхова развіваецца ў Беларусі


«Uber» не сыходзіць. Міжнародны сэрвіс пасажырскіх перавозак паспяхова развіваецца ў Беларусі

Забойца таксовак падвёў вынікі працы. Сэрвіс «Uber», які працуе ў Менску ўсяго тры месяцы, стаў надзвычай папулярным і паспяховым. Кампанія, нягледзячы на перашкоды ў заканадаўстве і вострую канкурэнцыю, не мае намеру сыходзіць з рынку.

Рэкорднае развіццё. Сэрвіс «Uber» у Менску прадэманстраваў тэмпы росту нашмат больш хуткія, чым у краінах Еўропы. Кампанія заявіла, што сыходзіць з нашага рынку не збіраецца, і мае намер далей распаўсюджвацца на іншыя рэгіёны краіны.

«У нас больш за 80 тыс. карыстальнікаў, а спампавалі прыкладанне больш за паўмільёна. Гэта сведчыць шмат пра што, калі насамрэч сэрвіс і інавацыя гэтак станоўча ўспрымаюцца жыхарамі гораду. Мы з вамі таксама ведаем, што Беларусь, Менск, між іншага, – радзіма шматлікіх паспяховых стартапаў», – дзеліцца Яўгенія Шыпава, прадстаўніца «Uber».

Але паспяховае развіццё не сведчыць пра адсутнасць складанасцяў, з якімі кампанія сутыкнулася ў Менску. Вострая канкурэнцыя і перанасычэнне на рынку таксі дапаўняюцца заканадаўчымі перашкодамі для развіцця. Сфера дзейнасці, у якой працуе сэрвіс, не ўрэгуляваная. Кампаніі-партнёры «Uber» у Беларусі падрыхтавалі прапановы для зменаў заканадаўства.

«З дапамогай смартфона мы можам замовіць любую паслугу, атрымаць электронны чэк, пачынаючы ад «Белавіі», камунальных паслугаў і квіткоў у кіно, але чамусьці не можам зрабіць гэта з аўтамабільнай паездкай. І вось гэтая неўрэгуляванасць – мы заклікаем змяніць, мы заклікаем змяніць і гатовыя выслухаць любыя пажаданні і можам перабудавацца да тых нормаў, якія рэгулятар палічыць вартымі і неабходнымі», – распавядае Дзмітрый Невяркевіч, «Белеўрант», кампанія-партнёр «Uber».

Але сталічныя таксоўцы лічаць, што з прыходам «Uber» на рынку ўзніклі няроўныя ўмовы працы. «Uber» на гэта адказвае, што кампанія фактычна ёсць не класічным таксі, а толькі сэрвісам, і працуе ў Беларусі згодна з існым заканадаўствам.

«Сэрвіс не працуе ад борту. Любы чалавек на вуліцы не зможа проста так замовіць сабе «Uber», але толькі пасля таго, як спампуе прыкладанне і толькі праз яго знойдзе канкрэтнага перавозніка, які ажыццявіць перавозку паводле маршруту. Менавіта таму машыны не маркіруюцца і не абазначаюцца як таксоўкі. Але як толькі яны абазначаць свае машыны і пачнуць працаваць ад борту, яны пяройдуць з плоскасці рэгулявання арт. 26 у арт. 27 і стануць таксоўцамі», – зазначае юрыст Аляксандр Бондар.

Прэтэнзіі, якія ўзнікаюць у рэгулятара, датычаць аперацыйнай дзейнасці асобных кіроўцаў. Але «Uber»заяўляе, што кампанія, як сэрвіс да гэтага дачынення не мае.

Пры гэтым праца перавознікаў сэрвісу стала правяраецца транспартнай інспекцыяй. Прэтэнзіі, якія ўзнікаюць у рэгулятара, датычаць аперацыйнай дзейнасці асобных кіроўцаў. Але «Uber» заяўляе, што кампанія як сэрвіс да гэтага дачынення не мае.

Сезон не пачаўся. Турыстычны рынак у катастрафічнай сітуацыі

Турызм у глыбокім крызісе. Мінулы год, які тураператары назвалі годам насцярогі, змяніўся сёлета абвалам. Аб’ёмы турыстычнага рынку зніжаюцца нават не ў дзясяткі, а ў сотні разоў.

Ці будуць сёлета адпачываць беларусы? Яшчэ летась пытанне гучала «Дзе?», а ў гэтым годзе сітуацыя на турыстычным рынку выглядае катастрафічна. На тле падзення прыбыткаў і разгортвання крызісу ў эканоміцы сродкаў для адпачынку за мяжой у беларусаў проста няма.

«У гэтыя дні сталы буйны аператар, які займаўся Турцыяй, прадаваў штодзённа 200–300 пакетаў. І гэта было нармалёва, можна было існаваць. Можна было казаць пра паток і індустрыю адпачынку. Але зараз, на гэты момант, у звычайнага буйнога беларускага аператара за тры месяцы прададзена толькі ўсяго трыста пакетаў», – тлумачыць Лілія Кобзік, галоўная рэдактарка часопісу «Туризм и отдых».

Адной з тэндэнцыяў на турыстычным рынку, якая характэрная падчас крызісу, ёсць рост унутранага турызму. І сапраўды, летась амаль у два разы болей беларусаў адпачывалі ў сваёй краіне. Але тут таксама свае асаблівасці: каб развіваўся ўнутраны турызм, неабходнае развіццё ўязнога Але за апошні год колькасць замежнікаў, якія наведвалі Беларусь, скарацілася. Таму перспектывы для галіны пакуль не самыя лепшыя.

«Турбізнес фактычна чакаў міжсезонне. Быў без прыбыткаў, без сродкаў, каб плаціць партнёрам за мяжой. Але чакаць тры сезоны, пратрымацца да лета 2017 – гэта амаль не магчыма. Калі гэтак усё будзе працягвацца – канечне, гэта не дакладны прагноз – але калі гэтак будзе развівацца сітуацыя далей, то будзе катастрафічна», – дадае Лілія Кобзік.

Турфірмы ў сваю чаргу намагаюцца прыцягнуць турыстаў і спадзяюцца, што сітуацыя зменіцца бліжэй да пачатку сезону адпачынкаў. На гэтым рынку зʼяўляецца ўсё болей бюджэтных прапановаў, а некаторыя фірмы прапаноўваюць набываць туры нават не ў крэдыт, а ў растэрміноўку.