У ЗША ўвялі больш жорсткія правілы дэпартацыі нелегалаў


Праваахоўнікі атрымаюць шырэйшыя кампетэнцыі ў змаганнях з асобамі, якія незаконна перабываюць на тэрыторыі ЗША.

У ЗША працягваюцца акцыі пратэсту. Сотні людзей выходзяць на вуліцы, каб выказаць нязгоду з палітыкаю дзейнага прэзідэнта Доналда Трампа. Асабліваю занепакоенасць жыхароў Амерыкі выклікаюць планаваныя рэформы, у тым ліку падатковага і міграцыйнага заканадаўства.

«Я афраамерыканка, жанчына. Я тут, каб сказаць, што мне не падабаецца тое, як ён бачыць нас», – кажа ўдзельніца пратэсту ў Вашынгтоне.

Тым часам адміністрацыя Трампа зрабіла чарговы крок. Дакумент, падпісаны прэзідэнтам ЗША, прадугледжвае шырокі спіс катэгорыяў мігрантаў, якіх мусяць як мага хутчэй дэпартаваць з Амерыкі. Белы Дом плануе вылучыць дадатковыя сродкі, каб наняць тысячы дадатковых працаўнікоў міграцыйнай паліцыі. Да таго ж нелегалаў, якія, да прыкладу, парушылі правілы дарожнага руху ці здзейснілі крадзеж, будуць судзіць на роўні з сурʼёзнымі злачынцамі.

«Дэпартамент бяспекі апублікаваў план рэалізацыі прэзідэнцкіх пастановаў для бяспекі ЗША. Гэта выразныя ўказанні для працы чыноўнікаў. Адно з іх прадугледжвае пашырэнне паўнамоцтваў працаўнікоў Дэпартаменту ўнутранай бяспекі», – тлумачыць прэс-сакратар Белага дому Шон Спайсэр.

У адказ група невядомых вывесіла на статуі Свабоды ў Нью-Ёрку банер з запрашэннем мігрантаў у Амерыку. Арганізатараў акцыі могуць чакаць пакаранні, бо змяшчаць плакаты на такіх абʼектах нельга. Сёння вядома, што амерыканскія ўлады спрабавалі не толькі дэпартаваць, але і максімальна зачыняць межы асабліва для мусульманаў. Указ аб абмежаванні ўезду у ЗША грамадзянаў сямі ісламскіх краінаў пакуль прыпынены. Аднак новыя звесткі гавораць пра тое, што ў ЗША не маглі ўехаць і мусульмане з краінаў, якія не ўвайшлі ў чорны спіс. Настаўнік з Вякай Брытаніі Джуэл Маэ кажа:

«Мяне пазбавілі доступу ў Нью-Ёрк. Я спытаўся: на якіх падставах? У мяне была віза і ўсё неабходныя дакументы. Але працаўнікі аховы нічога мне не патлумачылі».

Дзеянні новага кіраўніцтва ЗША выклікаюць абурэнне не толькі амерыканскага грамадства, але і міжнароднай супольнасці. Са свайго боку Доналд Трамп відавочна саступаць не збіраецца. Адным з першых крокаў на пасадзе прэзідэнта было падпісанне распараджэння аб будаўніцтве сцяны на мяжы з Мексікаю.

Глядзіце таксама:

Ян Бабіцкі, belsat.eu