У Жодзінскай турме ладзяць «вучэнні» па збіванні вязняў


Не дачакаўся медычнае дапамогі…

Летась у снежні 36-гадовага Алега Багданава асудзілі на 4 гады зняволення (ч. 3 арт. 339 Крымінальнага кодэксу (хуліганства)). Ён меў трэцюю групу інваліднасці. Спадарыня Марына, ягоная маці, скіравала ліст да начальніка турмы з просьбаю дазволіць кардыёлагу агледзець сына, але атрымала адмову. І вось 30 студзеня яна даведалася, што ейны сын памёр у Жодзінскай турме № 8, гэтак і не дачакаўшыся перагляду сваёй справы.

Бацькі Алега звярталіся ў Жодзінскі гарадскі аддзел Следчага камітэту, каб распачаць справу ў дачыненні медыкаў турмы. Ім адмовілі двойчы. Звярталіся і ў Менскую пракуратуру, і ў Мінздраў… Але толькі патрапіўшы на прыём да кіраўніка Следчага камітэту Беларусі Івана Наскевіча, дамагліся ўзбуджэння крымінальнае справы.

Дзякуючы пратэстам Віцебчукоў, будаўніцтва Сафійскага сабору спынілі

Больш за год жыхары Віцебску змагаюцца супраць знішчэння парку «Партызанскае славы». У парку маюць высекчы 260 дрэваў праз будаўніцтва царквы. Праўда, царквы незвычайнай: мясцовая епархія пастанавіла ўзвесці ў самым цэнтры гораду на Дзвіне копію полацкае Сафіі ХІІ стагоддзя.

Віцебчукі не супраць сабору, але толькі не ў гістарычным цэнтры і не на месцы парку. Супраць істотнага скарачэння тэрыторыі парку гараджане сабралі ўжо 5 тысяч подпісаў і працягваюць збіраць далей. Віцебск моцна пакутуе праз недахоп зялёных зонаў, асабліва ў цэнтры, а ўлады не могуць патлумачыць, чаму пад сабор выбралі месца менавіта ў парку. Пакуль гараджане дамагліся часовага поспеху – чыноўнікі абвесцілі пра спыненне будаўніцтва і скарачэнне праекту.

Меркаванне народу пра колькасць аб’ектаў культу

Паводле статыстыкі ў Беларусі 83 адсоткі вернікаў праваслаўныя, 10 – каталікі, 1,5 адсотка адносяць сябе да іншай рэлігіі. Лічбы сведчаць і пра тое, што ў нашай краіне больш за дзве тысячы культавых будынкаў. Мы запыталіся ў мінакоў на вуліцах Менску, ці варта будаваць яшчэ, а таксама намерыліся даведацца ў грамадзянаў пра тое, якім чынам мусіць фінансавацца ўзвядзенне аб’ектаў культу.

Жыхары вёскі на Гомельшчыне, скардзяцца на жахлівую ваду

У Беларусі з 2011 года рэалізуецца праграма «Чыстая вада», у межах ажыццяўлення якой цягам гэтага года на ўсёй тэрыторыі рэспублікі мусяць пабудаваць станцыі абезжалезвання. Аднак жыхары вёскі Гаць на Гомельшчыне, скардзяцца на «жалезную» ваду, што не толькі псуе сантэхнічнае абсталяванне, але і абсалютна не прыдатная для спажывання.

Развязаць праблему можна двума шляхамі: пабудаваць станцыю паводле праграмы або зрабіць свідравіну больш глыбокаю, каб яна сягала артэзіянскіх глыбіняў. Мясцовыя ўлады зрабіць гэтага не ў стане. Людзей паставілі перад выбарам: працягваць спажываць ваду з жалезам або мець дадатковыя выдаткі, набываючы яе ў бутэльках.

Сям’я фермераў з Маларыцкага раёну апынулася ў цэнтры крымінальнае гісторыі

У вёсцы Арлянкі Маларыцкага раёну сёлетнім кастрычнікам адбылася сапраўдная крымінальная гісторыя. Спадар Іван Бяльчук з сынам Мікалаем былі на вуліцы, калі да іх падышоў незнаёмец. Пасля кароткае размовы Мікалая заштурхалі ўва УАЗ без апазнавальных знакаў і кудысьці павезлі. Наўздагон за братам кінуўся спадар Аляксандр, бо падумаў, што таго выкралі бандыты. Далей падзеі разгортваліся імгненна, мужчына паспеў толькі пачуць гук стрэлу. Куля не трапіла ў вока, але зачапіла яго.

Цяпер Мікалай знаходзіцца ў Берасцейскім следчым ізалятары, а ў дачыненні Аляксандра ўзбудзілі крымінальную справу. Бо, як выявілася, незнаёмцамі былі не злачынцы, а міліцыянты ў цывільным.