У вёсцы зачынілі лазню, дзе мылася ахова Лукашэнкі


Вёска Дварэц, што пад Лунінцом, страціла адзін са сваіх культурных цэнтраў – лазню. Некалькі гадоў таму ў ёй зрабілі капітальны рамонт.Падчас візіту кіраўніка краіны ў Лунінец тут нават мыліся ягоныя ахоўнікі.

Вакол лазні віравала жыццё мясцовых жыхароў, але ўстанову прызналі нерэнтабельнаю і зачынілі. Каб аднавіць яе працу, вяскоўцы хадзілі на прыём і да кіраўніка раёну, і да начальніка жыллёва-камунальнае гаспадаркі. Праўда, плёну гэта ніякага не мела. Таму яны збіраюцца пісаць ліст у адміністрацыю прэзідэнта.

А як ахоўнікаў Лукашэнкі ўзгадвае вясковец, які з імі парыўся, глядзіце ў апошнім сюжэце ад 16:35 хвіліны.

Іншыя тэмы выдання:

З кухань на вуліцы… Грамадзяне выйшлі на плошчы, каб чыноўнікі іх пачулі

Аляксандр Лукашэнка падпісаў Дэкрэт № 3 «Аб сацыяльным утрыманстве» амаль два гады таму – 2 красавіка 2015 года. Дакумент адразу ўспрынялі негатыўна, але моцнага абурэння ён напачатку не выклікаў. Пры канцы гэтай зімы краінаю прайшла хваля акцыяў пратэсту. Нашыя карэспандэнты накіраваліся ў Баранавічы, горад, што традыцыйна лічыўся апалітычным, каб паразмаўляць з людзьмі, якія 26 лютага выйшлі на галоўную плошчу гораду. Свой пратэст выказвалі не толькі атрымальнікі «лістоў шчасця», але і тыя, хто наагул незадаволены сітуацыяй у краіне.

Мінакі пра тое, які спосаб абараніць свае правы найбольш дзейсны

Апошнім часам грамадзяне нашай краіны выкарыстоўваюць самыя разнастайныя спосабы, каб прыцягнуць увагу да парушэння іхных правоў. Мы запыталіся ў мінакоў, якія метады абароны асноўных правоў яны ведаюць і як дагрукацца да адказных асобаў, каб грамадзянаў нарэшце пачулі.

Спіс Мінкульту, які падзяліў журналістаў і пісьменнікаў

Згодна з дэкрэтам «Аб сацыяльным утрыманстве» творчыя саюзы вызваленыя ад падатку на дармаедства. Беларуская асацыяцыя журналістаў, Саюз беларускіх пісьменнікаў і Беларускі ПЭН-цэнтр з невядомых прычынаў не трапілі ў спіс трынаццаці творчых саюзаў, складзены Міністэрствам культуры. Зняцце гэтак званай броні азначае, што сябры трох творчых саюзаў могуць папоўніць шэрагі ўтрыманцаў.

У жыхароў дамоў, што пастанавілі знесці, з’явілася надзея

Нашая праграма распавядала пра праблемы жыхароў вуліцы Вільямса ў сталіцы. Яны распачаліся ў 2015 годзе, калі Менгарвыканкам пастанавіў знесці прыватныя дамы для рэалізацыі праекту «Менск – Мір». За два гады ўлады мусілі рэалізаваць правы ўласнікаў на кампенсацыю за знесенае жытло. Гэтага не зрабілі, і пастанова фактычна страціла моц. Таму ў спадара Георгія, які ўласнымі сіламі давёў палову старэнькага дому да ладу, ёсць надзея, што гэтыя змены нарэшце знойдуць адлюстраванне ў тэхнічным пашпарце.