У вяскоўцаў запыталі: ці выжыве беларуская мова?


Вядоўцу праграмы «Вяскоўцы» Віктара Шукеловіча спаткала сапраўдная ўдача, бо ён пазнаёміўся з незвычайна цікавымі людзьмі: вясковым літаратарам, аўтарам сямі кніг, і былою настаўніцай, якая некалькі дзясяткаў гадоў адпрацавала ў сельскай школе.

Новыя сябры Віктара – Яўген і Галіна Зялкоўскія – прыглянуліся адно аднаму пасля вайны, калі разам удзельнічалі ў тэатральных пастаноўках. Тады ў вясковай пуні ставіліся «Паўлінка», «Збянтэжаны Саўка» ды іншыя п’есы. Артысты нават выязджалі ў адмысловыя гастролі ў суседнія вёскі.

Гаспадар сядзібы расказаў таксама пра іншыя свае зацікаўленні: як сваймі рукамі некалі склаў трактар ды радыё, па якім яшчэ ў часы Савецкага Саюзу слухаў «Голас Амерыкі».

Заснавальніцай вёскі, з якой выводзіцца цудоўная сямʼя Зялкоўскіх, лічыцца каханка багатага пана. Калі яна пасялілася на зямлі, падоранай заможным палюбоўнікам, то людзі назвалі ейнае селішча «Мілашамі», бо саму яе называлі «мілашкай». Цяпер Мілашы ўвайшлі ў склад вёскі Гінтаўшчына, але мясцовыя дагэтуль называюць гэтае месца па-старому.

Спадарства Зялкоўскіх абʼядноўвае таксама вялікая любоў да роднай зямлі і мовы. Але ці ўдасца беларусам яе захаваць у сённяшніх умовах? Што мяркуюць пра гэта героі праграмы «Вяскоўцы» – глядзіце ў прэмʼерным выданні.