Свет У пошуках стралка. Што вядома пра страляніну ў стамбульскім клубе?


Гэтак званая «Ісламская дзяржава» ўзяла на сябе адказнасць за страляніну ў навагоднюю ноч у стамбульскім клубе «Рэйна», у выніку якой загінулі 39 асобаў, а яшчэ прыблізна 60 атрымалі раненні. Інфармацыю распаўсюдзіла звязанае з ісламістамі агенцтва «Амак».

«Гераічны жаўнер халіфату напаў на самы вядомы начны клуб, дзе хрысціяне святкавалі сваё паганскае свята. Гэта помста за рэлігію Бога», – паведаміла «Aamaq news agency».

Тэлеканал «CNN Turk» са спасылкаю на ананімную крыніцу сцвярджае, што за нападам стаіць грамадзянін Узбекістану або Кыргызстану. Турэцкія ўлады адразу назвалі напад тэрактам. У паліцыі заяўляюць, што знайшлі аўтамабіль службы таксі, якім стралок прыехаў у клуб, вядома і тое, што злачынца пакінуў зброю на месцы здарэння. Праваахоўнікі спадзяюцца знайсці адбіткі пальцаў нападніка.

«Нападнік быў адзін. Інфармацыя пра некалькіх стралкоў не пацвердзілася. Ён быў апрануты ў паліто і штаны. У нас ёсць сведчанні, што ён пераапрануўся, калі скончыў страляць і выбіраўся з клубу. Паліцэйскія сілы ацэньваюць гэтыя звесткі», – заявіў міністр унутраных справаў Сюлейман Сойлю.

Тым часам ацалелыя ў страляніне распавялі, як ім удалося ўратаваць жыццё падчас нападу. Частка людзей скочыла з тэрасы клубу ў Басфорскую пратоку, на беразе якой стаіць будынак. Ліванец Франсуа аль-Асмар апынуўся сярод тых, хто не паспеў гэтага зрабіць.

«Я седзячы схаваўся за сталом. Але маё плячо хіба тырчала. Нападнік страляў па падлозе, дзе ляжалі ўсе людзі. Калі б я паклаўся цалкам на зямлю, то ў мяне трапіла б больш куляў. Неўзабаве мяне параніла. Тады я паклаўся, быццам мёртвы, і нападнік больш не страляў у мяне», – распавёў пацярпелы Франсуа аль-Асмар.

Сярод ахвяраў нападу – грамадзяне Ізраілю, Саудаўскай Аравіі, Лівану, Лівіі, Іярданіі, Францыі, Бельгіі ды адная грамадзянка Расеі. Словы смутку ды падтрымання прыходзяць у Турцыю з усяго свету, у тым ліку і ад духоўных лідараў.

«Я выказваю сваю блізкасць турэцкаму народу. Я малюся за шматлікіх ахвяраў і параненых ды за ўсю нацыю, якая цяпер у жалобе. Я прашу Госпада падтрымання для ўсіх людзей добрае волі, каб яны мужна закасалі рукавы і супрацьстаялі чуме тэрарызму», – сказаў пантыфік Францішак.

Клуб «Рэйна» – папулярнае ды моднае месца сярод моладзі, нярэдка ў ім бываюць і мясцовыя знакамітасці. Падчас нападу 31-га снежня ў памяшканні клубу некалькі соцень асобаў сустракалі Новы год. Будынак ахоўваўся некалькімі паліцыянтамі, вядома, што адзін з іх загінуў у выніку нападу.

Гэты другі буйны тэракт у Стамбуле цягам месяца. 11-га снежня каля аднаго са стадыёнаў гораду прагрымелі два выбухі, у выніку якіх загінулі 44 асобы, а больш за 150 атрымалі раненні. Тады адказнасць узяла на сябе радыкальная ваенізаваная групоўка «Ястрабы свабоды Курдыстану». 19-га снежня ў Анкары афіцэр турэцкага спецназу забіў расейскага амбасадара ў Турцыі Андрэя Карлава. Следства ў гэтай справе працягваецца.

Ігар Кулей, «Белсат»

Каментары