Свет У Польшчы распачаліся вучэнні NATO «Анаконда-16»


Паўночнаатлантычны Альянс праводзіць маштабныя вучэнні ля самых межаў нашай краіны – у Польшчы. Гэтыя манеўры – найбуйнейшыя за апошнія 25 гадоў – цвердзяць у афіцыйнай Варшаве, ды падкрэсліваюць, што гэта дэманстрацыя таго, што НАТО гатовая да абароны ад любога праціўніка.Вайсковыя манеўры НАТО пад назваю «Анаконда-16» афіцыйна распачаліся. Для ўдзелу ў вучэннях збіраецца 31 тысяча жаўнераў са Злучаных Штатаў, Турцыі, Літвы, Вялікай Брытаніі і, натуральна, Польшчы. «Анаконда-16» гэта перадусім магчымасць удасканаліць тактычныя і лагістычныя навыкі паміж чальцамі Паўночнаатлантычнага альянсу, заявілі ў штабе вучэнняў.АНТОНІ МАЦЕРЭВІЧ, МІНІСТР АБАРОНЫ ПОЛЬШЧЫ:«Ваенныя вучэнні «Анаконда» – гэта практыкаванне, якое ставіць на мэце пратэставаць магчымасці краінаў – чальцоў альянсу, каб абараніць тэрыторыю ўсходняга флангу альянсу».«Анаконда» – самыя маштабныя вучэнні за апошнія гады, якія праходзяць на тэрыторыі Польшчы. Прадстаўнікі НАТО не хаваюць, што манеўры – адказ на палітыку Расеі, у прыватнасці, на анексію Крыму. Калі больш празаічна, гэта своеасаблівы тэст для Альянсу на магчымасць выкарыстання 5-га артыкулу статуту арганізацыі, паводле якога напад на краіну – чальца лічыцца нападам на ўвесь Альянс. Паводле сцэнару манеўраў, НАТО абараняе адну з балтыйскіх краінаў ад вонкавай ваеннай агрэсіі.МАРК МІЛІ, НАЧАЛЬНІК ГЕНШТАБУ АРМІІ ЗША:«Армія Злучаных Штатаў мае адну мэту ў аперацыі «Анаконда» – прадэманстраваць, што мы стаім плячом да пляча з польскім народам, польскім войскам, з сябрамі ў НАТО для таго, каб краіны – чальцы НАТО заставаліся свабодныя і незалежныя».Адзін з галоўных элементаў вучэнняў – перакідванне стратэгічных сілаў ЗША на тэрыторыю Польшчы і далейшае перасоўванне вайскоўцаў у бок балтыйскіх краінаў і правядзенне далейшай аперацыі на тэрыторыі нашых паўночных суседзяў. Усе гэтыя крокі мусяць прадэманстраваць важнасць, якую Альянс надае краінам Усходняй Еўропы.Вучэнні працягнуцца да 17-га чэрвеня і стануць своеасаблівым фундаментам для далейшых перамоваў падчас саміту НАТО, які пройдзе на пачатку ліпеня ў сталіцы Польшчы. Вынікам «Анаконды» і саміту ў Варшаве мусіць стаць разгортванне дадатковых вайсковых падраздзяленняў, у тым ліку і цяжкіх узбраенняў у рэгіёне.Аркадзь Несцярэнка, belsat.eu

Каментары