У Польшчы хочуць знесці ўсе савецкія помнікі


«Мы хочам нагадваць пра тых, хто варты нашай памяці, тых, каго хочам ставіць як прыклад нашай гісторыі. Таму для людзей, якія не ведаюць гісторыі, наяўнасць такой асобы, у вобразе помніку ці ў назве вуліцы, ёсць рэкамендацыяй таго, што менавіта гэтая асоба вартая памяці. У сувязі з гэтым такія вось сляды камунізму ў публічнай прасторы нашае краіны мусяць быць зліквідаваныя як сляды таталітарызму, што былі зліквідаваныя па вайне», – кажа Анджэй Завістоўскі, дырэктар Бюро публічнай адукацыі.

Ініцыятыва дэкамунізацыі не ўпершыню зрабілася чыннікам рэзкай крытыкі Крамля, які ўспрымае яе як скіраваную супраць Расеі – пераемніцы Савецкага Саюзу.Леташнюю ліквідацыю варшаўскага помніку савецкаму генералу Івану Чарняхоўскаму ў польскім горадзе Пененжно прэм’ер краіны Дзмітрый Мядзведзеў назваў пачаткам халоднае вайны паміж Захадам і Масквою. Такія інтанацыі цяпер гучаць ад прадстаўніка Расеі ў Польшчы.

«Ініцыятыва шкодная, правакацыйная, якая вельмі глыбока закранае нашыя пачуцці, якая ўвогуле выкліча пагаршэнне нашых дачыненняў. Людзі, што такія рэчы робяць, на мой погляд, свядома вядуць да таго, каб выключыць нармалізацыю стасункаў паміж нашымі краінамі ды народамі ў перспектыве», – заяўляе пасол Расеі ў Польшчы Сяргей Андрэеў.

У чэрвені Інстытут нацыянальнай памяці плануе зладзіць акцыю, якая мусіць заахвоціць мясцовыя ўлады прыняць праект ліквідацыі сімвалаў камунізму. Менавіта за чыноўнікамі на месцах будзе апошняе слова. Уласна ж палякі па-рознаму ставяцца да ініцыятывы: ад згоды, што помнікі лепш знесці да меркаванняў, што яны вартыя застацца на вуліцах як частка гісторыі.Паводле Інстытуту нацыянальнай памяці, праз дзеянні савецкіх уладаў, найперш падпісанне пакту Молатава-Рыбэнтропа, Польшча згубіла частку сваіх тэрыторыяў, зазнала палітычную і цывілізацыйную катастрофу. Лік жа чалавечых стратаў ідзе на мільёны.Кацярына Ерусалімская, Варшава.