Агляд падзеяў культуры У Палацы мастацтваў адкрылася выстава, прысвечаная ахвярам расстрэлаў у Курапатах


«Праўда пра Курапаты» – на фотаздымках, мапах, у дакументах і, галоўнае, ва ўспамінах людзей. У Палацы мастацтваў адкрылася выстава, дзе сабраныя сведчанні пра месца масавых пахаванняў ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў. Архівы закрытыя, таму сябры ініцыятывы «Эксперты ў абарону Курапатаў» аднаўлялі гісторыю паводле расповедаў жыхароў навакольных вёсак, некаторыя з іх прысутнічалі на адкрыцці.

«Людзі памятаюць, захоўваюць, эмацыйна афарбоўваюць і даюць тое, што ніводзін архіў не дасць. Гэта ідзе праз душу, праз сэрца», – мяркуе арганізатар выставы Марат Гаравы.

Згодна з гэтымі сведчаннямі, даследнікі змаглі ўдакладніць спіс ахвяраў і нават знайсці гісторыі тых, хто выжыў, аднавіць звесткі пра тэрыторыю ўрочышча – як дакладна яно выглядала ў 30-я – 40-я гады. На выставе і мастацкае асэнсаванне тэмы – карціны, скульптура, вершы, прысвечаныя трагічным падзеям. Таксама тут можна пабачыць праекты мемарыялу, якія даслалі на конкурс беларускія і польскія архітэктары.

Дарэчы, нечакана выставу наведаў знакаміты польскі рэжысёр Кшыштаф Зануссі. Ён зазначыў, што як палякі даведаліся пра Катынь, гэтак і беларусы мусяць ведаць праўду пра Курапаты.

«Адказы мы можам атрымаць ад тых, хто трымае гэтую таямніцу – у першую чаргу гэта архівы КДБ, МУС, архівы Вярхоўнага Суду, архівы Пракуратуры. І з гэтага пункту гледжання вырашылі запрасіць кіраўнікоў гэтых установаў на сённяшнюю выставу», – кажа Валянціна Свяцкая, сябра ініцыятывы «Эксперты ў абарону Курапатаў».

Праўда, ніхто з афіцыйных асобаў у адкрыцці ўдзелу не ўзяў. Арганізатары зазначаюць, што безумоўна падтрымліваюць актывістаў, якія гэтымі днямі змагаюцца супраць будоўлі офіснага цэнтру на тэрыторыі ўрочышча. Бо яно мусіць заставацца месцам памяці і мець свой музей, у які некалі трапяць усе гэтыя экспанаты.

«У свой час мы прапанавалі Міністэрству культуры месца, дзе мы бачым гэты музей Курапатаў. Там цяпер стаіць «Бульбаш-хол». Цяпер мы знайшлі новае месца, але пакуль не скажу, якое, каб там не паставілі другі «Бульбаш-хол», – адзначыў Марат Гаравы.

Папярэдняя выстава «Праўда пра Курапаты» адбылася ў 2015 годзе, за тры дні яе наведалі каля дзвюх тысячаў чалавек. Гэтая выстава працягнецца ў Палацы мастацтваў тыдзень – да 28 лютага, потым яе плануюць паказаць у іншых гарадах Беларусі.

Аляксандра Дорская, Марына Вашкевіч, «Белсат»

Каментары