У найбуйнейшым беларускім кінатэатры будуць паказваць арт-хаус


«Velcom сinema» адкрыла мультыплекс на 7 залаў і амаль тысячу гледачоў. Сярод іншага, тут будзе можна будзе глядзець арт-хаус і інтэлектуальнае кіно.

Ён месціцца ў гандлёвым цэнтры «Dana Mall». Адкрыла яго кампанія «Velcom cinema» супольна з сеткаю «Silver Screen».

«Апроч экранаў вельмі вялікага памеру і гуку ад кампаніі Sony у зале Voka мы бачым падвойны экран, які дазваляе дэманстраваць карцінку найвышэйшай якасці», – адзначае прадстаўніца «Velcom» Юлія Дайнэка.

Прадстаўнікі «Velcom» паклапаціліся пра зручныя крэслы і абяцаюць, што з першага шэрагу кіно будзе глядзецца не горш, як з апошняга.

Самае ж прыемнае, што тут можна будзе паглядзець не толькі касавыя стужкі.

«З адкрыццём кінатэатру «Velcom сinema» у нас з’яўляюцца новыя пляцоўкі. Гэта азначае, што мы можам паказваць не толькі галівудскія і расейскія блокбастары, але і арт-хауснае кіно, інтэлектуальнае кіно, якое гледачам Менску вельмі падабаецца», – распавядае Яніс Гутанс з «Silver Screen».

«Velcom» і «Silver Screen» абяцаюць, што карцінка на экранах будзе не горшая, як у кінатэатрах з тэхналогіяй IMAX, якіх у Беларусі пакуль няма. Афіша новага кіно ўжо даступная на сайце.

Марына Вашкевіч