У Менску выступіў лідар гурта «Князь Мышкін»


Музыка без правілаў. Лідар беларускага гурта «Князь Мышкін» зладзіў у сталічным музеі Азгура канцэрт імправізацыйнае музыкі «Імпралета».

ЛЯВОН НАРУШЭВІЧ, ГУКАРЭЖЫСЁР, ГІТАРЫСТ ГУРТА «КНЯЗЬ МЫШКІН»:

«Гэта музыка аднаго чалавека, бо я кірую ўвесь працэс. Людзі прыходзяць з розных саставаў, напрамкаў музычных, нехта працуе з аўтарскай песняй, нехта ў аркестры акадэмічным, нехта грае, што ў галаву прыйдзе. Але мы слухаем мяне. Такая эгаістычная пазіцыя, але без гэтага яе не будзе, павінен быць камандзір»

Сам спадар Лявон прызнаецца, што ствараць імправізацыю можа быць нашмат цікавей, чымся слухаць, бо музыку прыдумляюць наўпрост падчас канцэрту – без аніякіх жанравых або стылістычных абмежаванняў.

Фактычна ніякіх адмысловых фестываляў або імпрэзаў для аматараў імправізацыі ў Беларусі няма, таму кожны такі канцэрт трымаецца выключна на ініцыятыве самых музыкаў.

Але гэтая праблема існуе не толькі ў Беларусі – імправізацыйныя музыкі граюць тое, што адчуваюць, ды праз гэта ўзнікаюць цяжкасці як з фінансаваннем, гэтак і з арганізацыяй канцэртаў.

ФІЛІП ПАЛМЭР, АЛЬТ-САКСАФАНІСТ, КРАКАЎ:

«Калі мы жадаем зладзіць дзе-небудзь канцэрт, арганізатар хоча ведаць, што мы будзем граць, але мы не можам сказаць гэтага, бо не ведаем самыя».

Некаторыя часткі выступаў існуюць у запісе ў выглядзе гэтак званых музычных паштовак, але ўласна канцэрт складана падзяліць на асобныя трэкі, бо ў плыні імправізацыі няма акрэсленага пачатку або канца. Таму пазнаёміцца з музычнай імправізацыяй можна толькі на нешматлікіх жывых выступах.

Настасся Храловіч, Марына Вашкевіч, belsat.eu