У Менску ўручылі адразу тры літаратурныя прэміі – Шэрмана, Адамовіча, Багушэвіча


Пераклады, як вядома, узбагачаюць культуру, але рэдка прыносяць прыбытак самым перакладчыкам. І вось нарэшце яны займелі сваю грашовую прэмію – імя Карласа Шэрмана. Пераможцу, які атрымаў дзве тысячы еўраў ад фонду «Вяртанне», назвалі ў беларускім Прэс-клубе.

Ім стаўся Якуб Лапатка – перакладчык карэла-фінскага эпасу «Калевала». Дзякуючы яму беларуская далучылася да 61-ой мовы, на якія пераклалі гэты сусветна значны твор. Над кнігаю спадар Якуб працаваў пяць гадоў, а за такую тытанічную справу ўзяўся са злосці.

ЯКУБ ЛАПАТКА, ПЕРАКЛАДЧЫК:

«Беларусаў увесь час папракалі: няма тэрміналогіі, няма перакладаў розных славутых эпасаў. І калі мне сказалі: «А зачем по-белорусски, ведь есть же по-русски?», – то я зусім ашалеў і ўжо тады ўпёрся».

Новую перакладчыцкую прэмію ўручаюць у дзень народзінаў Карласа Шэрмана –беларуска-іспанскага перакладчыка родам з Уругваю, заснавальніка беларускага ПЭН-цэнтру. Сёлета на яе падавалася 21 кніга, пераствораная з васьмі моваў. Падчас цырымоніі ПЭН-цэнтр уручыў яшчэ дзве свае штогадовыя ўзнагароды. Прэмію імя Францішка Багушэвіча, якую даюць за гістарычныя творы, атрымалі кнігі, прысвечаныя беларускаму ўніяцтву – «Сваёй веры ламаць не будзем…» гарадзенскай даследчыцы Святланы Марозавай і «Святар у беларускім соцыуме…» Дзяніса Лісейчыкава. Сваю грунтоўную акадэмічную працу Дзяніс нават падарыў падчас паездкі ў Ватыкан Папе Рымскаму.

ДЗЯНІС ЛІСЕЙЧЫКАЎ, ГІСТОРЫК:

«На працягу прыблізна 9 гадоў было сабрана 8,5 тысячаў святарскіх біяграфіяў і атрымалася зрабіць такую зборную кнігу. Яна выклікала цікавасць у навуковай грамадскасці, нават у краязнаўцаў і генеалагаў, і вось сярод нашага святарства таксама».

Яшчэ адная ўзнагарода ПЭН-цэнтру – прэмія Алеся Адамовіча, якой адзначаюцца публіцыстычныя творы, – дасталася Уладзіміру Арлову за кнігу «Імёны Свабоды» – зборнік эсэ пра беларускіх герояў ад Тадэвуша Касцюшкі да Міхаіла Жызнеўскага.

Аляксандра Дорская, Марына Вашкевіч, «Белсат»