У Менску правялі адкрытую рэпетыцыю дзіцячага мюзіклу «Чыгунка»


Дзіцячы мюзікл на вольным паветры. Адкрытую рэпетыцыю пастаноўкі «Чыгунка», што адбылася сёння на дзіцячай чыгунцы імя Заслонава ў Менску, прымеркавалі да Міжнароднага дня абароны дзяцей.

Спектакль не мае аналагаў у свеце – музычная пʼеса створаная паводле казкі 9-гадовага дзіцяці з аўтызмам, Кастуся Жыбуля.

«Гэта апавяданне пра сяброўства, пра дабро, як Кастусь марыў удзельнічаць у тэатры. Гэтыя ягоныя перажыванні, як ён пісаў казку, усё гэта пераплецена, і ўнутраны свет ён сам пастараўся паказаць, а мы гэта паглыбілі», – распавядае мастацкая кіраўніца сямейнага інклюзіўнага тэатру «І» Ірына Пушкарова.

Гэта першая спроба паказаць пʼесу не на сцэне, а на адкрытай пляцоўцы. Удзел бяруць у пастаноўцы «Чыгунка» і звычайныя, і асаблівыя дзеці.

«У нас усе на роўных. Дзеці і акторы працуюць разам, уключаюцца ў цёплае таленавітае асяроддзе і вельмі моцна прагрэсуюць у плане сацыялізацыі», – падкрэслівае Ірына Пушкарова.

Спектакль «Чыгунка» – вынік супольнай працы дабрачыннага фонду «Сямейны інклюзіў-тэатр «І» ды кампаніі «Вэлком». Афіцыйны паказ адбудзецца на дзіцячай чыгунцы 3 чэрвеня.

Іншыя тэмы: у Берасці абралі найлепшыя паштоўкі да 1000-годдзя гораду. Канцэрт гурта «Крамбамбуля» адбыўся ў Менску. Фэст «Metal Crowd» адмянілі.

Глядзіце таксама:

Сяргей Будкін, Ірына Дарафейчук, belsat.eu