Агляд падзеяў культуры У Менску адзначылі Дзень роднай мовы


Дзень роднай мовы, які адзначаецца ва ўсім свеце 21 лютага, – добрая нагода загаварыць па-беларуску. І зрабіць гэта гуляючы!

«Артсядзіба» зладзіла ў кавярні «Грай»свята з беларускамоўным паб-квізам ды настольнымі гульнямі.

Беларуская мова натхняе на стварэнне яркіх праектаў, якія і прэзентавалі на імпрэзе. І аматарам ужо ёсць, з чаго выбіраць: тут і гістарычныя гульні, як «1514», або «Паўстанцы», і новая эка-гульня «На трох кітах». Попыт ёсць, і беларускамоўныя праекты могуць быць камерцыйна выгаднымі, калі зробленыя з душой, – упэўнены Зміцер Афанасенка, стваральнік гульні «Багач». Гэта аналаг амерыканскай «Манаполіі», дзеянне адбываецца ў Менску.

«Каб было цікавей, мы ўзялі Менск 200-гадовай даўніны, адкапалі ўсе назвы старых вуліцаў, дадалі сюды беларускія грошы талеры, знайшлі для нашай гульні асобу: багач – гэта прэзідэнт Рады БНР. То бок цалкам напоўнілі гульню беларускім зместам», – кажа стваральнік беларускіх гульняў Зміцер Афанасенка.

Свята можна было адзначыць не толькі ў клубе, але і за пісьмовым сталом. У Таварыстве беларускай мовы пісалі традыцыйную Агульнанацыянальную дыктоўку паводле творчасці Францыска Скарыны, Янкі Брыля і Пімена Панчанкі.

«Гэта вельмі добрая нагода для беларусаў выказацца публічна пра тое, якой павінная быць беларуская мова, у якіх сферах яна павінная функцыянаваць, і тым самым падтрымаць яе дзяржаўны статус», – сцвярджае дэпутатка палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Алена Анісім.

Згодна з апошнім перапісам насельніцтва, 53 % жыхароў краіны лічаць беларускую мову роднай.

«Калі да мяне звяртаюцца па-беларуску, я намагаюся адказваць, веру, што ў мяне атрымліваецца. Але ўвогуле ў паўсядзённым жыцці я ёй, на жаль, не карыстаюся», – кажа дзяўчына, якую мы сустрэлі на вуліцы ў Менску.

Хлопец апісвае свой досвед:

«Стараюся часам, але вельмі рэдка гэта бывае. У вёсцы ў асноўным».

Свята роднай мовы заснаванае ЮНЭСКО васямнаццаць гадоў таму. Сярод першых суаўтараў рэзалюцыі была і Беларусь.

Чытайце таксама:

Аляксандра Дорская, Марына Вашкевіч, belsat.eu

Каментары