Агляд падзеяў культуры У Менску адкрылася выстава карцінаў на старых дошках


Усё навокал захоўвае памяць пра мінулае. Сведкамі якіх падзеяў былі векавыя дрэвы? Што бачыла рака? Што можа распавесці пустая хата пра сваіх колішніх гаспадароў? Прыадчыніць дзверы часу паспрабавала мастачка Тамара Шэлест на выставе «Пасаг», якая адкрылася ў музеі Азгура.

Два гады таму мастачка набыла хутар на Нарачы ў закінутай вёсцы Рудаша, а разам з хатай яна атрымала цэлы пасаг – высокія дуплаватыя дрэвы, старыя вуллі, прыгожыя куфры. Гэтыя знаходкі яна выкарыстала для сваіх твораў:

«Асновай для гэтых прац сталі старыя дошкі векавыя, якія стагоддзямі жылі сваім жыццём. І хацелася ім яшчэ прадоўжыць гэтае жыццё», – пракаментавала «Белсату» мастачка Тамара Шэлест.

Хто жыў да яе ў гэтай хаце, Тамара не ведае. Таму «пасаг» – не толькі матэрыяльныя рэчы, але і гісторыя, якую хочацца разгадаць:

«Кожная праца тут – гэта асабісты аповед, інтымны, не для ўсіх. Таму што матэрыял сам па сабе з гісторыяй, матэрыял з дома, пабудаванага ў канцы 19 стагоддзя, дзе жылі людзі, а потым доўгі час не жылі, і ён увабраў у сябе ўсё, што толькі можна ўвабраць, ён захаваў жыццё людзей, якія там знаходзіліся», – кажа куратарка выставы Ганна Бабіч.

Творы аўтарка выканала ў старажытнай класічнай тэхніцы ляўкас, у якой пішуць абразы. Але надала ёй сучасны выгляд, скампіляваўшы розныя матэрыялы – метал, аловак, алей.

Атмасферу часу перадаюць гукі – гэта цішыня вясковага жыцця, у якой чуецца вецер, шоргат крокаў, подых. Адмыслова для праекту запісаў іх гукарэжысёр і музыка Яўген Рагозін. Паглядзець і паслухаць выставу можна да 3 сакавіка.

Аляксандра Дорская, Марына Вашкевіч belsat.eu

Каментары