Агляд падзеяў культуры У Менску адкрылася выстава карцінаў беларускіх музыкаў


Музыкі без межаў – у сталічнай галерэі «Цэх» адкрылі выставу карцінаў знакамітых беларускіх выканаўцаў, прычым пра мастацкі талент некаторых шмат хто пачуў упершыню.

Для Беларусі гэта першая такая выстава. Арганізатары натхніліся брытанскаю музыкаю 1960-х гадоў: гэтак, гітарыст «Бітлз» Джон Ленан, апроч музыкі, займаўся жывапісам, спрабавалі сябе ў выяўленчым мастацтве і ўдзельнікі гурта «Пінк Флойд».

«Я для сябе думаў: калі прывязуць Джона Ленана, любое, да чаго дакранаўся Джон Ленан, я схаджу пагляджу, – тлумачыць арганізатар выставы Віталь Зыблюк. – А калі мы збіралі матэрыялы для выставы, мы зразумелі, што гэта паўнавартасныя мастацкія творы, і калі мы гэта пабачылі, пачалася ўжо зусім другая праца, праца мастацкая».

Лявон Вольскі ды Ігар Варашкевіч, Алег Хаменка, Сяргей Скрыпнічэнка ды Андрусь Такінданг – разам у выставе бяруць удзел дзевяць музыкаў. Лідар «Зніча» Алесь Таболіч і Юрый Стыльскі з берасцейскага гурта «Дай дарогу!». Ганна Жданава з гурта «Lilac» і Алесь Дземідзенка з «Рэлікту». Розныя гурты і розныя стылі музыкі, розныя грані самавыяўлення творчай асобы і сапраўдныя рарытэты ў экспазіцыі, як, напрыклад, вокладка першага альбому гурта «Зніч».

«Роўна 20 гадоў таму ў клубе «Акварыум» мы прадставілі нашы першы альбом, гэта для мяне вельмі дарагая рэч», – зазначае лідар гурта Алесь Таболіч.

Арганізатары пастанавілі не абмяжоўваць аўтараў ні ў жанрах, ні ў тэхніцы – таму тут ёсць і нацюрморты, і ню, і лічбавы арт.

«Мастакі – яны ж вельмі амбітныя прафесійныя, гэта такі кірмаш пыхлівасці, а музыкі пішуць таму, што любяць гэта рабіць, яны не спаборнічаюць у мастацтве, яны шчырыя, гэта вельмі добра, я пабачыў вельмі шчырыя рэчы», – дзеліцца ўражаннем мастак Алесь Пушкін.

Паглядзець выставу «Музыка без межаў» можна будзе да 19 сакавіка.

Іншыя тэмы:

Піт Паўлаў анансаваў новы музычны праект «Зброя. Золата. Кабеты».
У Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў адкрылася фотавыстава Валерыя Вядрэнкі «Лошыцкі дыярыуш».

Настасся Храловіч, Сяргей Будкін, Ірына Дарафейчук, belsat.eu

Тэгі: 
Каментары