Агляд падзеяў культуры У Менску адбыўся канцэрт памяці Барадуліна і Бураўкіна


На адной сцэне – сімфанічны і акадэмічны аркестры, эстрадныя выканаўцы і народныя барды. Гэтак розныя музычныя эліты аб’яднала творчасць Рыгора Барадуліна і Генадзя Бураўкіна. У сталічнай філармоніі адбыўся маштабны канцэрт-мемарыял памяці выбітных паэтаў.Абодва – яскравыя. Адносіліся да аднаго пакалення і пайшлі з жыцця амаль адначасова – увесну 2014 года. Іхная паэзія моцна паўплывала на творчасць народнага артыста, дырыжора аркестру імя Жыновіча Міхаіла Казінца, якому і належыць ідэя правесці памятны канцэрт.ВОЛЬГА БРЫЛОН, МУЗЫКАЗНАЎЦА:«Генадзь Мікалаевіч Бураўкін быў сябрам нашага аркестру, ён стараўся не прапускаць нашых буйных прэм’ераў, і мы заўсёды яго бачылі, мы заўсёды ведалі, што ён – у зале».Цяпер жа ў глядацкай зале – прыхільнікі паэзіі беларускіх мэтраў. Гіты – «Трэба дома бываць часцей», «Калыханка», «Будзьма», «Зоркі», «Конь незацугляны», «Белы снег» – у музычным аздабленні Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестру Беларусі. Выканаўцы – народныя і вядомыя.АЛЯКСАНДР ЦІХАНОВІЧ, МУЗЫКА:«Песні Генадзя Бураўкіна. Усе ведаюць, што мы спяваем «Завіруху», але ж мы спяваем яшчэ шмат-шмат ягоных песень. Гэта неверагодная стыхія, неверагодная любоў да сваёй зямлі ды неверагодныя чалавечыя якасці».Бард Зміцер Вайцюшкевіч творчасці абодвух паэтаў прысвяціў чатыры альбомы. Шмат песень запісана для розных праектаў. Ягоны выступ прайшоў пры поўным аншлагу.ЗМІЦЕР ВАЙЦЮШКЕВІЧ, МУЗЫКА:«Для мяне гэта настаўнікі, для мяне гэта сябры. У нейкім выглядзе – як бацькі, бо кожны з іх даў мне шмат і на далёкую перспектыву, я спадзяюся».Улады не надта шанавалі паэтаў пры жыцці – за смелую грамадскую пазіцыю і крытыку. Але сябры паэтаў – арганізатары і ўдзельнікі канцэрту зрабілі ўсё магчымае, каб зноў нагадаць пра іх грамадству ды надаць іхным імёнам новае гучанне.Таму скончыўся вечар сімфоніяй Андрэя Мдывані «Полацкія пісьмёны», у якой апавядаецца пра Еўфрасінню Полацкую і Францішка Скарыну. Постаці адраджэнцаў беларускае культуры – Барадулін і Бураўкін – становяцца ў адзін шэраг з гэтымі гістарычнымі асобамі.Іншыя тэмы: «J:морс» даў таемны канцэрт для ста слухачоў. Стваральніца старонкі пра страчаную архітэктурную спадчыну Горадні плануе заняцца праектам пра Фарныя могілкі. Прэзентацыя стужкі «ГараШ» у межах кінафестывалю «Лістапад» праходзіць з аншлагамі.Таццяна Уласенка, Сяргей Будкін, Ганна Русінава, Ірына Дарафейчук, «Белсат»

Каментары