У кукурузным лабірынце ў Беларусі заблукалі паляк і кубінкі


Ґжэґаж Маліцкі (Grzegorz Malicki), адзін з герояў выдання, нарадзіўся ў Лодзі, але лічыць сябе чалавекам свету, бо доўга жыў па-за Польшчаю ды шмат вандруе па свеце на матацыкле. Ён праехаў больш за 250 тыс. км і наведаў больш як 50 краінаў. Але ніколі не быў у суседняй Беларусі.

Гераіня выдання, эквілібрыстка і танцорка Сіндзі Сучары Мадына Грэй (Sindy Suchary Modino Grey), жыве ў Беларусі ўжо 6 гадоў. На Кубе яна вучылася ў балетнай, а затым цыркавой школе. У 2012-м яна прыехала ў Менск выступаць у Нацыянальны цырк, дзе пазнаёмілася з мясцовым хлопцам. Праз некаторы час ён паехаў да яе на Кубу, прапанаваў ажаніцца і забраў у Беларусь. Сіндзі гадуе сына, бярэ ўдзел у касцюмаваным шоу і выкладае танцы.

Падчас вандроўкі на Кубу Ґжэґаж пазнаёміўся са стрыечнаю сястрою Сіндзі – Арыслейдзі Санчэз Грэй (Orisleydi Sánchez Grey). Арыслейдзі ніколі не была па-за межамі Кубы, але запланавала наведаць сястру. Ґжэґаж захацеў далучыцца да дзяўчыны, у якую закахаўся. Яны дамовіліся сустрэцца ў Менску.

Сіндзі з сынам любіць наведваць забаўляльныя атракцыёны. Яны ніколі не былі ў кукурузным лабірынце і пастанавілі, што гэта добрая нагода трохі паблукаць разам з сябрамі на свежым паветры. Займальны кўэст – гэта толькі частка фермерскага падвор’я, асноўная ўвага тут надаецца гадоўлі козаў. І, адпаведна, вырабу прадуктаў з казінага малака.

У 13-м выданні праграмы «Welcome ў Беларусь» мы пакажам, як з выпадковага месца сустрэчы Беларусь пераўтвараецца ў краіну, у якую хочацца вярнуцца.

Спадабалася праграма? Сачыце за намі ў Facebook, ВКонтакте, на Instagram і ў Одноклассниках.