У Італіі ратавальнікі шукаюць зніклых пасля стыхійнага бедства


Яны спадзяваліся на цуд, і цуд адбыўся. Ратаўнікі ў італьянскім рэгіёне Абруцца знайшлі ацалелых людзей у рэштках горнага гатэлю, на які яшчэ пазаўчора сышла лавіна.

На момант падрыхтоўкі матэрыялу вядома пра васьмярых чалавек, у тым ліку двух дзяцей, якія перажылі сыход лавіны ўнутры гатэлю «Rigopiano di Farindola» ў Італіі. Праезд да месца трагедыі ўжо наладжаны. Але дзеля хуткасці эвакуацыі ратаўнікі задзейнічалі верталёты.

«Туды было вельмі цяжка дабрацца, мы мусілі спачатку стварыць тунэль у снезе, і дыяметр гэтага тунэлю залежаў ад першай машыны. Цяпер мы пашыраем праезд да гатэлю і расчышчаем месца каля яго, каб тэхніка магла там манеўраваць і працаваць», – распавядае прадстаўнік мясцовых уладаў Карла Тарлёнта.

Сыход лавіны на папулярны чатырохзоркавы гатэль у рэгіёне Абруцца быў трагічным збегам абставінаў. Снег на горных схілах назбіраўся за некалькі дзён надзвычай моцных ападкаў, а потым па гэтай частцы Апенінаў ударыў землятрус магнітудай 5 адзінак. Аднак некалькім асобам таксама ў пэўным сэнсе пашанцавала. Два госці гатэлю ў момант сыходу лавіны былі па-за будынкам і выклікалі дапамогу праз інтэрнэт-мэсэнджар. Усю ноч з серады на чацвер ратаўнікі дабіраліся да гатэлю праз горы на лыжах, моцна рызыкуючы.

«У такіх выпадках надзея – гэта заўжды ўнутраны рухавік нашых байцоў. Калі не будзе надзеі, ратаўнікі не зробяць усяго, што могуць. Надзея ёсць заўсёды», – адзначае кіраўнік Дэпартаменту грамадзянскай абароны Італіі Фабрыцʼё Курча.

Сам будынак гатэлю практычна знішчаны, значную яго частку лавіна працягнула далей па схілах. На гэты момант вядома, што загінулі 4 асобы.

«Апроч людзей, зарэгістраваных паліцыяй як госці гатэлю, там маглі быць незарэгістраваныя госці. Можа быць 30–35 зніклых», – кажа прадстаўнік мясцовых уладаў Марʼё Маццока.

У пошуках ратаўнікам дапамагаюць італьянскія вайскоўцы. Міністэрства замежных справаў Беларусі абвесціла, што не мае інфармацыі пра нашых суайчыннікаў сярод гасцей і персаналу гатэлю.

Глядзіце таксама: