Агляд падзеяў культуры У Гомлі паказалі «Габрэйскага Швэйка»


Перад сыходам у адпачынак Гомельскі лялечны тэатр парадаваў гледачоў унікальнаю прэм’ераю – прыгодамі самага вядомага літаратурнага персанажа з Гомля, краўца Лазіка Ройтшванеца.

Пісьменнік Ілля Эрэнбург, паводле твору якога зробленая інсцэнізацыя, у 1925-ым паўгода жыў у Гомлі і выступаў з лекцыямі пра сусветную рэвалюцыю. Тут пабачыў свет ягоны першы зборнік вершаў. Натхнёны горадам і яго жыхарамі, пісьменнік напісаў раман аб прыгодах гомельскага краўца «Бурлівае жыццё Лазіка Ройтшванеца».

«Кажуць што гэта быў выдавец з прозвішчам Нэйман. Усе прыгаворкі, гэтая трошкі ўтрыраваная любоў да Гомля, якую герой праносіць праз увесь спектакль, – гэта павадкі Нэймана», – сцвярджае адзін з рэжысёраў спектаклю, дырэктар Тэатру лялек Дзмітрый Гарэлік.

На старонках раману шмат старога Гомля, пазнавальных гарадскіх легендаў.

У 1927 годзе раман Эрэнбурга выдалі ў Парыжы, галоўнага героя крытыкі называлі «габрэйскім Швэйкам». У Савецкім Саюзе твор апублікавалі толькі ў 1989 годзе, шлях жа Лазіка Ройтшванеца да Гомельскага тэатру лялек быў яшчэ даўжэйшы, бо большасць інсцэнізацыяў раману пасавалі хутчэй да драматычнай сцэны ці нават кінематографу.

«Народны артыст Расеі Аляксандр Левенбук, мастацкі кіраўнік тэатру «Шалом», не адразу, але дазволіў нам выкарыстаць ягоную інсцэнізацыю ў нашым тэатры», – распавядае Дзмітрый Гарэлік.

Паставілі спектакль Дзмітрый Гарэлік разам з мастацкім кіраўніком Тэатру лялек Юрыем Вутам.

Плакат спектаклю

Наступны паказ «Бурлівага жыцця Лазіка Ройтшванеца» запланаваны на Дзень гораду 15 верасня, а ў кастрычніку спектакль возьме ўдзел у міжнародным фестывалі.

Аляксандра Дорская, Ірына Дарафейчук; фота вокладкі – Краязнаўчы сайт Гомля і Гомельшчыны

Іншыя тэмы:

  • Летнік «Арт Сядзібы» на Валожыншчыне.
  • «Depeche Mode» прыедуць у Менск у лютым.
Каментары